Пленэр педагогаў-мастакоў «Лета ў правінцыі»

«Лета ў правінцыі» - такую прывабную назву атрымаў пленэр педагогаў-мастакоў, які прайшоў 11-15 ліпеня 2012 года на базе Адукацыйнага цэнтра нашай арганізацыі.

Гэта другі ў Беларусі пленэр для працуючых з дзецьмі мастакоў-педагогаў, працягнуўшы леташняе пачынанне Беларускага зялёнага крыжа.

Заснавальнікам пленэра 2012 года стаў Смалявіцкі райвыканкам, ініцыятарам - кіраўнік мастацкага аддзялення Смалявіцкай дзіцячай школы мастацтваў Наталля КАМІНСКАЯ.

Наталля КАМІНСКАЯ - пастаянны ўдзельнік Міжнароднага конкурсу жывапісу і графікі для дзяцей і моладзі «На сваёй зямлі», яе вучні неаднаразова перамагалі на конкурсе. Работы Дыяны Няхайчык і Дзяніса Іванова выклікалі яскравыя спрэчкі і абмеркавання міжнароднага журы і ўпрыгожвалі выніковыя выставы.

Ліпеньскі пленэр 2012 года сабраў 19 калегаў, педагогаў-мастакоў з Бабруйска, Менска, Ліды, Смалявічаў, Магілёва, Віцебска. Звычайна занятыя адукацыйным працэсам выкладчыкі цэлыя дні праводзілі за мальбертам, увасабляючы задуманае і назапашанае.

Вечарамі для іх чыталі вершы і спявалі. Гасцямі літаратурна-музычных гасцёўняў былі смалявіцкі паэт Аляксандр Марозаў і выканаўца Кастусь Герашчанка.

Вынікам пленэра стала выстава ў Смалявіцкім раённым Доме культуры.