У Мінску прайшла 5-я Міжнародная канферэнцыя мастакоў-педагогаў

Удзельнікамі 5-й Міжнароднай канферэнцыі мастакоў-педагогаў «Сучасная мастацкая адукацыя дзяцей і моладзі» сталі амаль 200 выкладчыкаў, дырэктароў мастацкіх школ, мастацтвазнаўцаў і выдаўцоў з Арменіі, Беларусі, Латвіі, Літвы, Малдовы, Расіі, Польшчы, Украіны і Чэхіі.

Канферэнцыя праходзіла ў Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства ў Мінску з 5 па 7 лютага. У праграме былі даклады, прысвечаныя сучаснай мастацкай адукацыі, майстар-класы, прэзентацыі мастацкіх навучальных установаў з розных краін, а таксама міжнародных конкурсаў і праектаў.

Глядзець праграму канферэнцыі…

Сёлета канферэнцыя зноў сталася багатай на замежных гасцей. Вялікі блок дакладаў быў прысвечаны мастацкай адукацыі Прыбалтыкі. Рэгіён прадставілі мастацкія школы Екабпілса (Латвія), Каунаса і Клайпеды (Літвы).

Упершыню таксама прагучалі выступленні мастакоў-педагогаў з Арменіі і Малдовы.

З дакладам, прысвечаным арт-студыі CREATIO (Рыбнік, Польшча), на канферэнцыю прыехала мастачка, педагог і мастацтвазнаўца Альдона КАЛУЦКА, вядомая таксама як кіраўнік конкурсу «Выбітныя вядомыя і невядомыя мастакі».

Вялікі разгорнуты даклад пра падыход да дзіцячай мастацкай адукацыі ў Чэхіі прачытала слынная мастацка і педагог Вера РАЕСЕЛАВА, прафесар Карлава універсітэта ў Празе і Пражскай Акадэміі фатаграфіі і кіно. З сабою спадарыня Вера прывезла багата ілюстратыўнага матэрыялу, што назапасіўся за дзесяцігоддзі працы.

Дыскусію са спадарыняй Раеселавай завязаў даклад генеральнага дырэктар выдавецтва «4art» Ліаны САЛОНКІНАЙ (Санкт-Пецярбург, Расія), прысвечаный акадэмічнай адукацыі ў сучасным канцэптуальным свеце.

Як заўжды, шмат увагі надзялялася міжнародным конкурсам. Мастацтвазнаўца Лідзія ІШКОВА, якая выступала ў ролі эксперта у журы 9-га Міжнароднага конкурсу жывапісу і графікі «На сваёй зямлі», падзялілася сваймі назіраннямі пра тое, як дзеці спраўляюцца з тэмамі конкурсу, і заўвагамі пра якасць работ, што прыходзяць на конкурс. Таксама былі праўстаўлены конкурсы «Ангел Рождества» (Балтыйск, Расія), «Возможности акварели» (Омск, Расія), «Выбітныя вядомыя і невядомыя мастакі» (Рыбнік, Польшча), «Славянский родник» (Клайпеда, Литва).

Вялікую цікавасць аўдыторыі выклікалі майстар-класы. Удзельнікі канферэнцыі былі моцна ўражаныя выступленнем выкладчыцы дзіцячай мастацкай школы г. Слуцка Гунэфы МАЦЮШЭНКАВАЙ, якая прадэманстравала свае метадычныя распрацоўкі, прысвечаныя лініі ў кампазіцыі. Закранула ўсіх актуальная праблема афармлення выставачных работ – сваймі сакрэтамі у вырабленні паспарту са звыклых і даступных матэрыялаў падзяліўся выкладчык дзіцячай мастацкай школы г. Гатчына Віталій КІМ.

Падчас канферэнцыі адкрыліся тры выставы, на якіх былі прадстаўлены графічныя работы з фондаў Каўнаскай мастацкай школы (Літва) і Міжнароднага конкурсу жывапісу і графікі “На сваёй зямлі”, а таксама пленэрныя работы студэнтаў і выкладчыкаў – удзельнікаў праекта “Перазоў стагоддзяў: Першая сусветная вайна і мір сёння”. Экспазіцыя будзе дзейнічаць у галерэі “Прырода і творчасць” Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства да канца лютага.

Глядзець фотарэпартаж…

У бліжэйшы час на нашым сайце з’явяцца матэрыялы па выніках канферэнцыі.