Першы пленэр-семінар для педагогаў мастакоў прайшоў на веснавых вакацыях

Больш за 20 маладых настаўнікаў і дасведчаных педагогаў з Мінска, Магілёва, Нясвіжа, Бабруйска, Ліды, Віцебска, Мазыра прынялі ўдзел у навучальным пленэры, што праходзіў з 27 па 29 сакавіка ў адукацыйным цэнтры Беларускага зялёнага крыжа.

 

Удзельнікаў аб'яднала любоў да пейзажнага жывапісу і эцюдаў з натуры. За тры дні мастакі напісалі вялікую колькасць работ, увесь час праходзіла жывое абмеркаванне напісанага, дасведчаныя выкладчыкі і мастакі Пётр ШАЦІЛА, Аляксандр ЛУБНЕЎСКІ і Ягор БАТАЛЬЁНАК давалі парады, праводзілі майстар-класы, а на выніковым праглядзе глыбока прааналізавалі творчасць кожнага ўдзельніка пленэру.

Падчас пленэру праходзілі гутаркі і творчыя вечары. Вельмі цікавым апынуўся даклад Вольгі СУХАНІЦКАЙ (Мазыр) і Юліі ПУЦІЛІНАЙ (Мінск), прысвечаны сістэме навучання выяўленчаму мастацтву ў Чэхіі на прыкладзе методыкі выкладання прафесара Карлава універсітэта ў Празе і Пражскай Акадэміі фатаграфіі і кіно Веры РАЕСЕЛАВАЙ. Арыгінальнасць і непадобнасць чэшскай мадэлі выклікала вялікую цікавасць ва ўсіх педагога-мастакоў. З цікавасцю слухалі ўдзельнікі пленэру расповед Ягора БАТАЛЬЁНКА пра гісторыю станаўлення гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.А. Ахрэмчыка і развагі пра шляхі развіцця сусветнага мастацтва.

Па шчаслівым супадзенні, удзельнікі пленэру маглі пазнаёміцца з матэрыяламі іншых мастацкіх праектаў Беларускага зялёнага крыжа: падчас пленэру ў цэнтры афармлялася дзіцячая выстава Міжнароднага конкурсу жывапісу і графікі «На сваёй зямлі» і праходзіла рэгістрацыя выніковых работ праекта «Перазоў стагоддзяў: Першая сусветная вайна і мір сёння», што даслалі студэнты і педагогі з Расіі.

У апошні дзень адбыўся круглы стол, дзе абмяркоўваліся перспектывы развіцця пленэру як адукацыйнага праекта, што мае на мэце падвысіць узровень прафесійнага майстэрства мастакоў-педагогаў. Удзельнікі прапанавалі шэраг тэм для абмеркавання, адна з іх – асаблівасці пастаноўкі навучальнага нацюрморта. Таксама быў пазначаны час правядзення наступнага пленэра-семінара для педагогаў-мастакоў – восеньскія вакацыі 2014 года.

 

Ідэя арганізацыі пленэра для настаўнікаў падчас школьных вакацый была агучана на 5-й Міжнароднай канферэнцыі мастакоў-педагогаў «Сучасная мастацкая адукацыя дзяцей і моладзі», што праходзіла ў лютым 2014 года. Ідэю падтрымалі дырэктары мастацкіх школ Мінска, Віцебска, Салігорска і іншых гарадоў.