Міжнародная канферэнцыя мастакоў-педагогаў прайшла 9-10 лютага ў Мінску

У канферэнцыі прынялі ўдзел больш за 100 педагогаў і кіраўнікоў мастацкіх школ і студый, выкладчыкаў вышэйшых мастацкіх навучальных установаў, а таксама прадстаўнікі часопіса і выдавецтва “Мастацкая школа” і эксперты ў галіне культуры і мастацкай адукацыі з Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана, Аўстрыі, ЗША.

Двухдзённая праграма ўтрымлівала даклады, прысвечаныя сучаснай мастацкай адукацыі, прэзентацыі мастацкіх школ і студый з розных краін, міжнародных мастацкіх конкурсаў.

Падчас канферэнцыі ў галерэі Рэспубліканскага экалагічнага цэнтра дзяцей і юнацтва адкрылася метадычная выстава творчых і вучэбных работ вучняў Гунэфы Мацюшэнкавай, выкладчыцы кампазіцыі дзіцячай мастацкай школы г.Слуцка.

У заключны дзень адбылася сустрэча з сябрамі журы VI Міжнароднага конкурсу жывапісу і графікі “На сваёй зямлі” і экспрэс-выстава работ пераможцаў.

Канферэнцыя дала магчымасць педагогам з розных краін сустрэцца, абмяркаваць сітуацыю, што склалася ў галіне сучаснай мастацкай адукацыі, абмяняцца досведам і метадычнымі напрацоўкамі, наладзіць новыя кантакты.

Удзельнікі канферэнцыі атрымалі альбом-каталог выставачных работ “На сваёй зямлі”, які стане выдатным метадычным матэрыялам у школах і студыях.


Канферэнцыя арганізавана пры фінансавай падтрымцы Праграмы малых грантаў Амбасады ЗША ў Рэспубліцы Беларусь у межах праекта “Сацыяльная і творчая адукацыя маладых мастакоў у кантэксце глабальнай прасторы”.