Выстава жывапісу Ягора Батальёнка

25 жніўня ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь (г. Мінск, вул. Леніна, 20) адкрылася выстава мастака, сталага сябра журы Міжнароднага конкурсу жывапісу і графікі "На сваёй зямлі" Ягора Ягоравіча Батальёнка. Запрашаем усіх да агляду добрага жывапісу. Выстава працягнецца да 26 верасня.

Ягор Батальёнак зведаў у мастацтве няпросты шлях даўжынёю ў паўстагоддзе, на якім дамінавалі няспынны пошук, удасканаленне майстэрства і працавітасць. Здабыткі творчасці вывяраліся ў асяродках гледачоў на персанальных выставах і ў агульных экспазіцыях беларускага мастацтва па гарадах нашай краіны, у далёкім ды блізкім замежжы. Больш за дзясятак персанальных і каля сотні калектыўных выстаў – такі плён творчай дзейнасці мастака.

Вонкава карціны мастака простыя, ясныя і лаканічныя. Прынамсі, з першага погляду – простыя. Нагрузка ў жывапісных кампазіцыях ускладаецца на ўнутраныя спружыны іх зместу, акрэсленага прыёмамі высокага прафесіяналізму аўтара. Варта пранікнуцца іх сэнсамі, іх энергіяй, якія не дзеля марнага сузірання, а для духоўнай свядомасці гледача…

У творчасці мастак не замыкаецца толькі ў індывідуальных пачуццях і ў сваё, уласна перажытае. Так. Індывідуальнае пачуццё – грунт ідэі, сэнсу, зместу кожнай кампазіцыі – абавязковы кампанент карціны. Але праз асабістае жывапісец шукае, намацвае жыццёвыя формулы агульначалавечых уяўленняў і з’яў, акрэсленых і вывераных праз вякі ў светапоглядзе беларуса. Гэта, так бы мовіць, вышэйшая «матэматыка» сучаснага жывапісу.

Дамінуючымі жанрамі жывапісца з’яўляюцца пейзаж і нацюрморт. Паўнавартасныя, заўважым, кампазіцыйныя краявіды і нацюрморты, а не эцюдныя, не спантанныя, узятыя з першага наўздагон пачуцця і перажывання стану прыроды. У Батальёнка ў фаворы карціна, дзе ў сюжэтах і тэмах раскрываецца цэлы Космас накопленых сузіранняў і паняццяў… дзе мае месца інтэнсіўнае засвойванне прасторы часу… а праз тонка-інтанацыйны жывапіс ідзе мастацка-вобразная размова пра разуменне душы прадмета і прасторавага ландшафту. Калісьці вельмі трапна заўважыў Янка Сіпакоў: «…у яго вобразах засяроджаная мудрасць». Тут, як у кожнай карціне паасобку, так і ва ўсёй творчасці жывапісца, мае месца культ цэласнасці і гармоніі. У выніку традыцыйна невялікія па памерах творы набываюць манументальную веліч і значэнне.

Адзначым, што колер у палотнах Ягора Батальёнка – гэта хутчэй фарбы душэўных перажыванняў. Праз гульню святла і ценю мастак стварае дынаміку кампазіцый, пачуццёвы лад вобразаў. Найперш праз колеравае вырашэнне мы бачым у яго карцінах асаблівы, непаўторны парыў хараства і прыгажосці, што палыхае ў ветразях музыкі ліній і кампазіцыйных вырашэнняў.

Кожны твор мастака нясе ў сабе Боскі змест і сэнс існавання чалавека на зямлі не толькі праз хрысціянскія сімвалы і знакі, але і праз хрысціянскі погляд і асэнсаванне жыцця, якія свецяцца ў кожным дотыку майстра да палатна.

Творчы шлях Ягора Батальёнка – гэта шлях спасціжэння жыцця, яго каштоўнасцей і прыярытэтаў. Гэта вялікая духоўная праца жывапісца – вылучаць мовай мастацтва «зерне ад плевел». Гэта праца розуму, свядомасці і сэрца.

Таццяна Маркавец-Гаранская, мастацтвазнаўца

Матэрыял узяты з сайта Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь