У 11-ы раз праходзіць Міжнародны мастацкі праект для дзяцей і моладзі “На сваёй зямлі”

З 29 студзеня па 4 лютага 2016 года ў адукацыйным цэнтры ГА «Беларускі зялёны крыж», в. Крукаўшчына, Смалявіцкі раён і Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства, г. Мінск, вул. Макаёнка, 8, пройдзе шэраг мерапрыемстваў у межах Міжнароднага мастацкага праекта "На сваёй зямлі".

29 студзеня пачне работу журы Міжнароднага конкурсу жывапісу і графікі. Напрацягу 4 дзён журы будзе ацэньваць работы юных мастакоў ад 5 да 18 гадоў.

У 2016 г. Міжнародны конкурс жывапісу і графікі "На сваёй зямлі" праводзіцца ў 11-ы раз. Штогод на конкурс прыходзіць больш за 10 000 работ з усяго свету. У гэтым годзе на конкурс было даслана каля 13 000 работ з Арменіі, Беларусі, Балгарыі, Ганконга, Грэцыі, Індыі, Канады, Літвы, Малдовы, Нідэрландаў, Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, Польшчы, Расіі, Румыніі, Славакіі, Тайланда, Украіны, Філіпін, Харватыі, Шры-Ланкі, Эстоніі ды іншых краін.

Журы ацэньвае тэхніку і майстэрства выканання, ідэйную напоўненасць і самастойнасць. Як адзначаюць члены журы, зрабіць выбар даволі цяжка, бо на конкурс прыходзяць работы вельмі высокага ўзроўню, але менавіта гэта робіць адбор лепшых работ больш цікавым.

1 лютага будзе працаваць журы Міжнароднага конкурсу мультыплікацыі і дыяфільмаў. Хаця конкурс праводзіцца ўпершыню, ён ужо выклікаў цікаўнасць сярод юных мастакоў. На конкурс было пададзена 94 заяўкі з Беларусі, Бразіліі, Германіі, Латвіі, Расіі і Украіны.

2 лютага адбудзецца адкрыты паказ мультфільмаў і дыяфільмаў з абмеркаваннем работ і каментарамі журы. У паказе прымуць удзел і педагогі, якія дапамагалі дзецям ствараць свае мульфільмы. Працягам паказа стане круглы стол "Стварэнне мультфільмаў і дыяфільмаў як форма работы з дзецьмі. Мэты і задачы".

3 і 4 лютага ў Мінску ў Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства будзе праходзіць 7-я Міжнародная канферэнцыя мастакоў-педагогаў "Сучасная мастацкая адукацыя дзяцей і моладзі". У чарговы раз мастакі-педагогі з усёй рэспублікі і бліжняга замежжа збяруцца, каб абмеркаваць бягучы стан у мастацкай адукацыі, новыя методыкі і падыходы, прэзентаваць свае напрацоўкі. Частка канферэнцыі будзе прысвечана мультыплікацыі, вопытныя мультуплікатары правядуць шэраг майстар-класаў для ўдзельнікаў канферэнцыі.

Трэба зазначыць, што гэта адзіная ў рэспубліцы і адна з нешматлікіх на постсавецкай прасторы спецыялізаваная канферэнцыя, прысвечаная мастацкай адукацыі, рабоце мастацкіх школ і вучылішч. Педагогі зазначаюць, што гэта канферэнцыя практычна адзіная магчымасць сустрэцца з калегамі з усёй рэспублікі і суседніх краін, падзяліцца вопытам, паспрабаваць сумесна знайсці рашэнне тых праблем, якія ўзнікаюць падчас працы.

З 2 па 7 лютага ў межах канферэнцыі ў галерэі "Прырода і творчасць" Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства пройдуць дзве выставы.

На выставе, прысвечанай спектаклю ценевага тэатра дзіцячай мастацкай школы №2 г. Санкт-Пецярбурга "Неўскія сюжэты", будуць прадстаўлены сілуэты і сцэны, падрыхтаваныя для спектакля, а таксама некаторыя прадметы, якія натхнялі маладых мастакоў падчас працы.

На выставе памяці мастака Сяргея Храпіна будуць прадстаўлены работы яго вучняў - дзяцей, якія займаліся ў заснаванай ім студыі “Завязь”, в. Вязынь, Вілейскага раёна.

Дадатковая інфармацыя
Людміла Скакун
e-mail: This e-mail address is being protected from spambots. You need JavaScript enabled to view it.
Сайт: www.children-art.org
Тэл.: 375 17 327 79 54, 375 25 908 65 94