Удзельнік Вялікай вайны – прапаршчык І.М. Аўчыннікаў

Раіса Ільінішна АЎЧЫННІКАВА,
старшыня секцыі тапанімікі Беларускага геаграфічнага таварыства
(г. Мінск, Беларусь)

 

Мой тата, Аўчыннікаў Ілля Міхайлавіч, нарадзіўся ў 1894 годзе 20 ліпеня па старому стылю на свята Іллі. Яго бацькі Міхась і Дар’я Аўчыннікавы былі сялянамі вёскі Альшанікі Міхалоўшчынскай воласці Полацкага павета, мелі каля трох гектар уласнай зямлі. Ілля быў іх першынцам, таму бацька хацеў, каб хлопец быў яго памочнікам па гаспадарцы. Але Іллю больш цікавілі навукі, ён скончыў сельскае вучылішча, затым Ловажскае вышэйшае вучылішча. Падоўжыў навучанне ў Полацкай настаўніцкай семінарыі, якую скончыў у 1914 годзе і быў накіраваны загадчыкам Гваздоўскага двухкамплетнага народнага вучылішча. У планах маладога настаўніка была здача экзаменаў за курс гімназіі і паступленне ва Універсытэт. Пачатак вайны ён сустрэў з патрыятычным хваляваннем, але разумеў, што яго планы з далейшай вучобай могуць парушыцца.

У сувязі з накіраваннем старэйшага настаўніка узорнай школы пры Полацкай семінарыі І.Я. Энвела на трохмесячныя курсы ў дзеючую Расійскую Армію той рэкамендаваў залічыць на яго пасаду на час адсутнасці маладога выпускніка Аўчыннікава. Пасля звароту Энвела з курсаў дырэктар семінарыі Міхаіл Хрыстафоравіч Сакалоў выдаў І.М. Аўчыннікаву вельмі «лестную» характарыстыку і хадатайнічаў перад Інспектарам народных вучылішч Полацкага павета аб яго далейшым уладкаванні як кандыдата «на больш лепшае месца ў выпадку вакансіі». А маладому настаўніку ўручыў пісьмо з падзякай. У студзені 1915 года Ілля быў прызначаны загадчыкам Артэйкавіцкага двухкласнага вучылішча Полацкага павета. Затым па пратэкцыі стаў хатнім настаўнікам багатага віцебскага ўрача. Разам з яго сям’ёй паехаў на Каўказ. У верасні 1915 года маладога педагога прызначылі загадчыкам новастворанага Адлерскага Ляснога вучылішча Сочынскай акругі. Вучнямі беларускага педагога сталі мясцовыя ўраджэнцы, у асноўным грэкі, малдаване, імерыцінцы.

У лютым 1916 года Аўчыннікаў быў прызваны ў армію радавым 112-га пяхотнага запаснога палка, які кватараваў у горадзе Стаўрапалі. Стаўрапаль у даваенныя часы быў ціхім паўднёвым горадам. На шырокіх вуліцах стаялі прыгожыя асабнякі ў акружэнні садоў і вінаграднікаў. Жыццё горада за гады вайны змянілася радыкальна. На вайну царскім урадам трацілася штодня каля 5 мільёнаў 840 тысяч рублёў. Непасільныя ваенныя выдаткі прывялі да цяжкага становішча з харчаваннем у многіх губерніях і гарадах Расіі, у тым ліку і ў Стаўрапалі. 21 ліпеня 1916 года ў горадзе ўспыхнуў галодны бунт, які марна спрабавала разагнаць паліцыя. Вызванныя на дапамогу паліцыі салдаты 112-га палка і паўсотня казакаў адмовіліся ўдзельнічаць у разгоне бунтаўшчыкоў.

Ваенная служба для былога настаўніка спачатку была цяжкай, але Ілля без нараканняў вытрымліваў нялёгкія салдацкія клопаты і заданні камандзіраў. Перш за ўсё трэба было прытрымлівацца жорсткай дысцыпліны. У Іллі было хранічнае запаленне вачэй і страляць яму было спачатку цяжка. Але ён дасканала вывучыў вінтоўку капітана С.І. Мосіна і страляў не горш за іншых. Вышыня вінтоўкі была роўнай сярэдняму росту салдата – 166 см. Ілля быў высокі, пад 190 і вінтоўка яму не здавалася дужа цяжкай. Прывык ён і да салдацкай формы. У поўнай выкладцы салдат нёс вінтоўку, скатку цераз левае плячо, праз правае ішоў рамень і шнур да падсумка, з другога боку на вузкім паясным рамяні мацавалася сумка для патронаў. На скатку замацоўваўся кацялок для ежы.

У палку служылі ў асноўным мясцовыя ўраджэнцы, многія прайшлі франтавую школу, былі ўзнагароджаны Георгіеўскімі крыжамі і медалямі. Раненых франтавікоў спецыяльна напраўлялі ў запасныя палкі, дзе яны навучалі навабранцаў. Ілля чэрпаў і засвойваў ад ветэранаў практычны вопыт. Стараннасць і адукаванасць хлопца была заўважана камандаваннем, хутка ён атрымаў чын унтэр-афіцэра. А праз пару месяцаў яго накіравалі ў Ціфліскае ваеннае вучылішча, якое было заснавана ў 1864 годзе Вялікім князем Міхаілам Мікалаевічам Раманавым і насіла яго імя. У Ціфлісе Ілля праходзіў навучанне на працягу шасці месяцаў з 1 чэрвеня па 1 снежня 1916 года. У вучылішчы хлопец лічыўся партупей-юнкерам, бо меў перад гэтым чын унтэр-афіцэра, таму на сініх пагонах з белай выпушкай красавалася шырокая унтэрская лычка. Дэвіз ціфліскіх юнкероў Ілля засвоіў хутка: “Жыццё цару, сэрца жанчыне, гонар сабе самому”. Пагоны прапаршчыка пасля сканчэння вучылішча ўручаў яму сам вялікі князь Мікалай Мікалаевіч Раманаў. Начальнікам Ціфліскага вучылішча з 1905 года быў Загю Мікалай Міхайлавіч. З палітычным гумарам Мікалай Міхайлавіч аддаў загад выпускнікам начысціць боты не ваксай, а ванючым дзёгцем, каб Вялікі князь адчуў сапраўдны салдацкі пах. І той хуценька раздаў пагоны, затыкаючы нос хусцінкай з французскім парфумам, пасля чаго знік прэч з вучылішча. Выпускнікі вучылішча атрымалі спецыяльны знак аб сканчэнні вучылішча, які насіўся на левым баку кіцеля.

Падчас Першай Сусветнай вайны ў Ціфлісе для патрэб арміі былі створаны чатыры школы прапаршчыкаў, якія падрыхтавалі больш трох тысяч малодшых афіцэраў. Займаліся ў школах прапаршчыкаў паскорана на працягу трох месяцаў. Там жа ў Ціфлісе Ілля пазнаёміўся з легендарным Васілём Кнігай, у той час адзіным поўным Георгіеўскім Кавалерам на Каўказскім фронце. За ваенныя подзвігі, якія здзейсніў гэты баявы казак, ён быў вызваны на аудзіенцыю да самога цара ў Магілёўскую Стаўку, а пасля яе быў накіраваны ў школу прапаршчыкаў, якую скончыў у кастрычніку 1916 года. Гэтую ж школу скончыў таксама будучы вядомы савецкі палітычны дзеяч Андрэй Жданаў.

Ілля Аўчыннікаў пасля звароту ў родны 112-ы полк служыў у якасці малодшага камандзіра. Як афіцэр Ілля атрымаў дзеншчыка, а таксама шаблю, рэвальвер, компас, некалькі камплектаў формы, бялізны, пальчаткі, нават 6 насавых хусцінак. Задачай малодшых камандзіраў было навучанне маладога папаўнення страявой службе і правядзенне стралковай падрыхтоўкі. У час стралковых заняткаў вывучаліся прыцэльванне, спуск курка і перазарадка. Навучалі салдат таксама штыкавому бою і валоданню шашкай.

У 1917 годзе Расійская армія перажывае некалькі патрасенняў. Пасля лютаўскіх падзей Стаўрапальскі савет падтрымаў Часовы ўрад і прагаласаваў за вайну да пераможнага канца. З 17 сакавіка салдаты ў Петраградзе перастаюць аддаваць чэсць афіцэрам і пачынаюць самі выбіраць камандзіраў. Паступова армія губляе сваю баяздольнасць, што толькі на руку іх ваенным праціўнікам. Але ў Стаўрапалі ў гэты час строгая ваенная дысцыпліна яшчэ захоўваецца, чэсць афіцэрам аддаюць, перад генераламі выцягваюцца ў фронт. 6 сакавіка ў горадзе ствараецца Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, назаўтра 7 сакавіка ў яго ўключаюцца прадстаўнікі ваеннага гарнізона. А 8 сакавіка частка 112-га палка адпраўляецца на турэцкі фронт для ўдзелу ў баявых дзеяннях, ім ладзяцца ўрачыстыя праводзіны. За гэта часовы начальнік 112-га палка палкоўнік Мікалай Гаршкоў дзякуе пісьмом Старшыні Стаўрапольскага губернскага Камітэта Мікалаю Германавічу Дзідрыксену і Камітэту Грамадзянскай Бяспекі горада.

11 сакавіка «свабодныя рэвалюцыянеры» – салдаты 6-й роты 112-га палка падаюць Прашэнне ў Камітэт Грамадзянскай Бяспекі аб арышце і аддачы пад суд прапаршчыка Іванова і унтэр-афіцэра Папова, якія каралі і збівалі салдат за малейшую правіннасць. Скардзяцца яны і на камандзіра роты штабс-капітана Казлова, які прызываў іх не выконваць распараджэнні новага ўрада, прымушаў здымаць рэвалюцыйныя значкі і банты, не выпускаў салдат з казармы і не дапускаў у казармы пабочных асоб.

Галоўная палітычная сіла Расіі на тыя часы – партыя сацыял-рэвалюцыянераў, або эсэраў. Ілля таксама становіцца членам гэтай партыі. Лозунг эсэраў – «Зямля сялянам» яму імпануе, бо яго бацькі заўсёды марылі аб павялічэнні свайго надзела. Прапаршчыка Аўчыннікава, які мала чым адрозніваўся па сваіх поглядах ад казацка-салдацкай масы, выбіраюць старшынёй палкавога салдацкага камітэта і членам савета дывізіі. Камандаванне 112-га палка вымушана ўзгаджаць свае загады з салдацкім камітэтам і яго старшынёй. Камітэт салдацкіх дэпутатаў палка рэгулярна праводзіць свае паседжанні, на якіх вырашаюцца самыя набалелыя пытанні. Адно з такіх паседжанняў адбываецца 5 мая 1917 года, яго здымак захаваўся ў Стаўрапальскім архіве.

К жніўню эсэраў у Стаўрапалі налічваецца каля трох тысяч чалавек, кадэтаў – 120, а бальшавікоў усяго 60. Але бальшавікі праводзяць актыўную палітыку сярод шэрай салдацкай масы, перахопліваюць яны і лозунг эсэраў аб зямлі і падтрымліваюць ідэю аб выбарах у Расійскі «Устаноўчы сход». Для правядзення выбараў у горадзе і ў 112 палку арганізаваны ўчастковыя камісіі.

Сярод кандыдатаў ад бальшавікоў на прадстаўніцтва Стаўраполля ў “сходзе” салдат 112-га палка Іван Бачагоў і малодшы камандзір таго ж палка прапаршчык Мікалай Троіцкі – арганізатар фракцыі бальшавікоў у гарнізонным савеце. У агульным спісе ад РСДРП былы земскі статыст Аляксандр Панамароў, і вядомы бакінскі камісар Сцяпан Шаумян, і сам Іосіф Віссарыёнавіч Сталін, запісаны як журналіст з Петраграда. Але цікавая рэч, напярэдадні выбараў 12 лістапада Іосіф Сталін ужо пад прозвішчам Джугашвілі зняў сваю кандыдатуру. Пазней стане зразумела, чаму ён зрабіў такі крок. 14 лістапада  выбары завяршаюцца поўнай перамогай эсэраў. У Стаўрапальскай губерніі яны набіраюць 88,8%, бальшавікі – 5,9%, кадэты – 4%.

Восенню 1917 года ў горад прыбываюць з фронту салдаты 39-й дывізіі. Яны галодныя, змораныя вайной, прысталі ад мітынгаў і лозунгаў, у якіх не могуць разабрацца. Ноччу 28 лістапада п’яныя салдаты дывізіі па падказцы агітатараў-бальшавікоў разам з салдатамі 112-га палка пачынаюць граміць вінныя і харчовыя склады, крушыць помнік цару Аляксандру ІІ, збіваць добра апранутых гараджан і былых афіцэраў. Салдаты 112-га палка выступаюць супраць ідэі стварэння дружыны з Георгіеўскіх кавалераў, якая б падтрымлівала парадак у горадзе. Камісарам ад бальшавікоў у 112-м палку з’яўляўся ў гэты час былы студэнт Анісімаў, які пазней адзначыцца страшнымі крывавымі дзеяннямі супроць афіцэраў.

Ну а прапаршчык Аўчыннікаў у гэты час далёка ад Стаўрапаля, з кастрычніка 1917 года ён накіраваны малодшым афіцэрам этапнага батальёна на Каўказскі фронт. Фронт цягнецца ад Афганістана да Закаўказзя, мае працягласць 2500 км. Каўказская Армія была сфарміравана пасля аб’яўлення вайны Расіі з боку Турцыі ў кастрычніку 1914 года. Галоўнакамандуючым Каўказскай Арміяй быў напачатку генерал ад кавалерыі І.І. Варанцоў-Дашкоў, пасля Вялікі князь М.М. Раманаў-малодшы і генерал ад інфантэрыі М.М. Юдзеніч. Мікалай Мікалаевіч Юдзеніч, герой яшчэ Японскай вайны, праявіў сябе і на вайне з туркамі. Дзякуючы яму ў выніку шматступеннай аперацыі (28.12.1915 – 12.03.1916) была атрымана важная перамога над Эрзерумскім умацаваным раёнам.

Каўказская армія ў пачатку 1917 года налічвала 247 батальёнаў, 236 соцен і эскадронаў, 33 інжынерныя роты, 3 дружыны апалчэнцаў, 2 дабравольныя сотні, 2 бранявых аддзяленні і некалькі этапных батальёнаў. Этапныя батальёны ствараліся для забеспячэння руху войск і ваенных грузаў па дарогах. У ліку задач былі патруліраванне і ахова дарог, тэлефонных і тэлеграфных камунікацый, нарыхтоўка правіянта і фуража, забеспячэнне адпачынку праходзячых войск. Ставіліся этапы праз кожныя 20-25 вёрст. Служба этапных войск лічылася больш лёгкай, чым на фронце. Але на самой справе этапы таксама падвяргаліся нападам, асабліва дзікіх курдскіх плямён.

Супроць турак актыўныя дзеянні на працягу студзеня-лютага 1917 года ў раёне Багдада і Масула праводзілі саюзныя войскі англічан. Яны 10 – 11 сакавіка выбілі турак з Багдада. Адначасова рускі корпус генерала М.М. Баратава перайшоў у наступ, захапіў Хамадан, а 10 сакавіка – Херманшах. І хоць ваяваць даводзілася ў цяжкіх кліматычных умовах, калі горныя дарогі ў маразы і снегапады станавіліся непраходнымі, 23 сакавіка атрад генерала А.М. Назарава дасягнуў возера Ван, а корпус М.М. Баратава 4 красавіка заняў Ханекен, тым самым аблегчыўшы наступ англічан. Але далей на поўдзень у Месапатамію корпус Баратава не пайшоў, таму што салдат пачала касіць малярыя. Падхапіў на фронце гэтую хваробу і прапаршчык Аўчыннікаў. Пераадолець франтавыя цяжкасці дапамагалі жорсткая дысцыпліна, ваенная вывучка, здольнасць салдат з простага народа пераносіць голад і холад. Сярод афіцэрства таксама падтрымлівалася строгая дысцыпліна, маладыя афіцэры не пілі і не курылі.

Баратаў к маю 1917 года адвёў корпус на поўнач у горныя раёны Персіі. Туркі у сярэдзіне лета прадпрынялі свой контрнаступ, таму англічане ізноў у верасні перайшлі да актыўных дзеянняў і нанеслі паражэне 6-й турэцкай арміі. Гэта стала магчымым, дзякуючы падтрымцы расійскіх войск.

На фронце Ілля атрымаў кантузію. Да канца жыцця пры любым напружванні ў яго пачынала трэсціся галава. Нягледзячы на нялёгкія ўмовы франтавога жыцця, Ілля з удзячнасцю ўспамінаў гэтыя месяцы 1917 года, калі яму давялося на свае вочы пабачыць розныя мясціны Каўказа, Турцыю, Персію, Палесціну. Ён любаваўся панарамай святой гары Арарат, пабываў на возеры Ван і возеры Урмія. Вада ў возеры Ван была вельмі салёнай, патануць у ёй было немагчыма. Пасля сканчэння ваенных дзеянняў супроць Турцыі перад расійскай арміяй устала задача эвакуацыі на Радзіму вялікай колькасці войск, узбраення і складоў. Гэтай нялёгкай працай і займаліся этапныя батальёны.

Пасля вяртання ў Стаўрапаль камандзірам палка Аўчыннікаву быў прапанаваны адпачынак на Радзіме. Ілля з радасцю згадзіўся і ў снежні 1917 года выехаў у Беларусь. А родны Аўчыннікаву 112-ы запасны полк у пачатку 1918 года вызначыўся ў гісторыі грамадзянскай вайны сваёй анархічнай непаслядоўнасцю, калі спачатку разам з часцямі 39-й дывізіі ў колькасці дзвюх з паловай тысяч чалавек выступіў на Растоўскім фронце супраць Дабравольчаскай белай арміі, прыняў удзел у наступе чырвоных 1 лютага пад Батайскам, але хутка замітынгаваў і зняўся з фронта.

На радзіме ў студзені 1918 года маладога франтавіка выбралі старшынёй Полацкага Павятовага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. К сярэдзіне лютага ў Полацку былі сфарміраваны пяхотны полк, кавалерыйкі эскадрон і дывізіён артылерыі. Але пасля зрыву мірнага пагаднення нямецкімі войскамі Полацк быў акупаваны 25 лютага. Адпор ворагам кіраўніцтва Армсавета 3-ай Арміі не змагло арганізаваць і спешна ўцякло з Полацка. Немцы адразу правялі арышты мясцовых камісараў і кіраўнікоў горада, якія не паспелі эвакуіравацца. Быў арыштаваны і Ілля Аўчыннікаў. 28 лютага ў двары кадэцкага корпуса па прыгавору ваенна-палявога суда камісары былі растраляны, але смелы афіцэр-франтавік змог уцекчы з-пад растрэлу. У чэрвені 1918 года Аўчыннікава абралі намеснікам ваенкома роднай Міхалоўшчынскай воласці, ён працаваў на гэтай пасадзе да кастрычніка, а пасля перайшоў на мірную працу ў школу. У 1919 годзе І. Аўчыннікаў уступіў у партыю бальшавікоў. Быў абраны членам Павятовага Полацкага камітэта разам з Янам Фабрыцыусам, Абрамам Бейліным, Рыгорам Студзянковым, Бенедзіктам Фельдманам, Касымавым.

17 ліпеня 1919 года І.М. Аўчыннікаў прызваны ў Чырвоную Армію ў якасці камандзіра стралковага ўзвода 34 стралковага палка 4-ай стралковай дывізіі. У складзе дывізіі прымаў удзел у наступе на Варшаву ў 1920 годзе. Наступ быў падрыхтаваны слаба, чырвонаармейцы былі часта галодныя, босыя, камандзіры нявопытныя. 16 жніўня 1929 года польскія войскі перайшлі ў контрнаступ у фланг Заходняга фронта і частка чырвоных войск папала ў палон, таму рэшткі 4-ай арміі, частка 15-га кавалерыйскага корпуса вымушаны былі перайсці мяжу з Усходняй Прусіяй і здаліся ў інтэрніраванне. Усяго ў інтэрніраванні аказаліся каля 40 тысяч чалавек. Гэта было адно з самых вялікіх паражэнняў Чырвонай Арміі. Інтэрніраваных перавезлі ў глыб Германіі ў Гановерскую правінцыю. Немцы адносіліся да інтэрніраваных абразліва, называлі іх «руссіш швайн». Кармілі вельмі дрэнна, адзін раз на дзень давалі рэдкі «габерсуп» з брушкі. Двойчы Ілля ўцякаў з лагера, але на польскай тэрыторыі палякі яго лавілі, білі і вярталі немцам. Па ўспамінах таты вядома, што 7 кастрычніка 1920 года яго з камандзірскім саставам лагера вывезлі на цеплаходах шведскага Чырвонага крыжа ў Петраград. Пасля непрацяглай службы ў якасці камандзіра ўзвода 317 стралковага палка ў Маскве Ілля атрымаў абвастрэнне малярыі і яго адправілі лячыцца на радзіму. З гэтага моманту можна лічыць, што Першая Сусветная або Вялікая вайна асабіста для Аўчыннікава Іллі Міхайлавіча была скончана.