Першая сусветная вайна на Нясвіжчыне

Наталля Уладзіміраўна ЧАДОВІЧ,
настаўнік гісторыі СШ №4
(г. Нясвіж, Беларусь)

Першага жніўня 1914 года Германія абвясціла вайну Расіі. З другога жніўня ў беларускіх губерніях было аб’яўлена ваеннае становішча. Беларусь стала і прыфрантавой, і франтавой зонай. У сувязі з наступленнем немцаў, пад напорам і прымусам вайсковых эвакуатараў на ўсход хлынулі бежанцы. Важнейшыя накірункі, па якіх рухаліся бежанцы, праходзілі праз Івянец-Ракаў-Мінск, Баранавічы-Нясвіж-Мінск, Сіняўка-Слуцк-Старыя Дарогі-Магілёў. Людзі ў асноўным асядалі на неакупіраванай частцы Беларусі, перапаўняючы гарады і мястэчкі. Ваенныя ўлады рабілі спробы эвакуіраваць бежанцаў на ўсход. Аднак зрабіць гэта было вельмі складана. Тое, што праз Нясвіжчыну праходзіў чыгуначны шлях, стала прычынай знаходжання тут вялікай колькасці бежанцаў. Звыш 35 тысяч чалавек знаходзілася пад адкрытым небам у лясах і на палях у раёне чыгуначных станцый Койданава, Стоўбцы, Гарадзея [7, с.29]. Не меўшы сродкаў для існавання, выгнанцы з’яўляліся цяжкай ношай для мясцовых жыхароў. К восені 1915 г. колькасць бежанцаў дасягнула найбольшых лічбаў. У Нясвіжы спыніліся людзі з блізляжачых вёсак Навагрудскага ўезда. Вопісы маёмасці, зробленыя ў час эвакуацыі, сялян Андрэя Ліхуты з вёскі Станкевічы Гарадзішчанскай воласці Навагрудскага ўезда і Восіпа Галузы з вёскі Дубаўно Дараўскай воласці Навагрудскага ўезда, якія захоўваюцца ў Нясвіжскім краязнаўчым музеі, былі перададзены гэтай ўстанове жыхаркай горада Нясвіжа Н.М. Янскай. Бежанцы, упамянутыя ў дакументах, знайшлі прытулак у яе сваякоў, што пражывалі ў горадзе Нясвіжы ў раёне сучаснай гімназіі. У вопісах даецца пералік маёмасці сялян, якая была пакінута на месцы жыхарства па прычыне эвакуацыі.

Пасля шэрагу няўдач рускай арміі к восені 1915 года Нясвіжчына стала прыфрантавой зонай. Лінія фронту праходзіла ўсяго ў некалькіх дзесятках кіламетраў ад Нясвіжа. Станцыя Крошына, ля якой спыніліся германскія войскі, знаходзілася ў пятнаццаці кіламетрах ад вёскі Сноў, што на Нясвіжчыне [8, с. 34]. Адступленне рускіх войскаў было сапраўднай трагедыяй для насельніцтва раёнаў, якія пакідала армія. Па рашэнні камандавання ў шырокіх маштабах праводзілася эвакуацыя на ўсход, разбурэнне важных аб’ектаў і знішчэнне нерухомай маёмасці. Усё, што нельга было вывезці, знішчалася на месцы. Нягледзячы на гэта, са жніўня 1915 года па распараджэнні рускай ваеннай улады пад ахову быў узяты і сам Нясвіж, і замак Радзівілаў, аб чым сведчыць наступная тэлеграма: «Быцень, генералу Леш. 25.08.1915г. Член Государственного Совета граф Велепольский ходатайствует, чтобы город Несвиж и замок там княгини Радзивилл не были сожжены распоряжением русской Военной власти. Верховный Главнокомандующий приказал принять изложенное к неуклонному исполнению. 1121 Гулович» [6, c.79]. Гэты факт гаворыць аб асобых адносінах расійскай улады да Нясвіжа. Тым не менш, некаторыя культурна-асветніцкія ўстановы горада былі эвакуіраваны ў цэнтральныя губерніі. Сярод іх была Нясвіжская настаўніцкая семінарыя, перавезеная ў г. Вязьма Смаленскай губерніі. Яе архіў быў поўнасцю страчаны і не вярнуўся ў Беларусь [1, с.35]. Спыненне наступлення немцаў выратавала Нясвіжчыну ад акупацыі.

Да чэрвеня 1916 года на ўчастку фронту, які праходзіў ў непасрэднай блізасці ад тэрыторыі раёна, вялая пазіцыйная вайна парушалася кароткачасовымі баявымі дзеяннямі. У гэты час у Нясвіжы размясціўся штаб 2-й арміі Заходняга фронту. У вёсках спыняліся розныя вайсковыя часці. Вядома, што ў вёсцы Дубейкі стаялі салдаты 6-га палка Уральскай дывізіі [6, с. 593]. У час правядзення Баранавіцкай аперацыі на Нясвіжчыне былі размешчаны рэзервовыя часці. Як сведчыць Фогель В. «…кавалерия была сосредоточена за фронтом: в районе Ицкольдз – Кавказская кавалерийская дивизия; против ландверного корпуса – Кубанская казачья дивизия и, наконец, далее за центром около Несвижа, 7 кавалерийский корпус с 6 и 13 кавалерийскими дивизиями» [8, с.4].

Германскае камандаванне дапускала магчымасць наступлення рускіх на Баранавічы і таму на гэтым участку фронту размясціла свае войскі вельмі цесна. Баяздольнасць іх узмацнялі 30 запражных і 40 пазіцыйных батарэй, 370 кулямётаў. Акрамя таго лінія фронту германцаў была ўзмоцнена штучнымі перашкодамі шырынёй 40 метраў, траверснымі пазіцыямі і вялікай колькасцю бліндажоў [8, с.15].

Меркаванні германскага камандавання аказаліся правільнымі. «Русские долго прилежно работали, создавая целую сеть окопов, разветвляя и переплетая их, чтобы части, с короткого разбега бросившись в атаку, промчались через немецкие окопы» [8, с.42]. Другая лінія абароны рускіх пры падрыхтоўцы Баранавіцкай наступальнай аперацыі прайшла праз Нясвіжчыну і пакрыла яе тэрыторыю радамі акопаў і ўмацаванняў. Гэта лінія была зроблена на выпадак прарыву першай лініі ў раёне Баранавіч.

Германская авіяцыя рабіла налёты на чыгуначныя станцыі. Газета “Минский голос” неаднойчы паведамляла пра бамбардзіроўку Замір’я (Гарадзеі). Так, у маі 1916 г. здарыўся вялікі пажар ад таго, што нямецкі самалёт скінуў бомбы, згарэла больш за сто дамоў і лавак [6, с.118].

У пачатку 1916 года на ўчастак фронту, што прымыкаў да Баранавіч, быў накіраваны Грэнадзёрскі корпус. У яго складзе дзейнічаў Нясвіжскі 4-ы грэнадзёрскі генерал-фельдмаршала князя Барклая дэ Толя полк. Да гэтага часу ён знаходзіўся на Заходнім фронце ў складзе 3-й арміі на Палессі, у кастрычніку 1914 г. адбіваў наступленне 11-й аўстра-венгерскай арміі. У час Баранавіцкай аперацыі ваяваў супраць 51 ландвернага палка германцаў [8, с. 21].

У час наступлення рускай арміі ў 1916 годзе павялічылася колькасць раненых, што размяшчаліся ў лазарэтах вёскі Сноў, Замір’я, шпіталі, што дзейнічаў у Нясвіжскім замку Радзівілаў. Санітарамі працавалі мясцовыя жыхары. Сярод іх было шмат навучэнцаў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. Педагагічная рада гэтай установы штомесяц ахвяроўвала сродкі Расійскаму Чырвонаму крыжу. Уладальнікі замка таксама не засталіся ў баку ад падзей. Княгіня Радзівіл працавала сястрой міласэрнасці ў шпіталі. Князь Мікалай Радзівіл з першых дзён вайны ўступіў у армію Расіі. 30 лістапада 1914 года ён загінуў ва Усходняй Прусіі.

У Нясвіжы падчас Першай сусветнай вайны бываў вядомы рускі празаік Канстанцін Паўстоўскі. Тут ён ляжаў у шпіталі пасля ранення. Некаторы час кватараваўся з атрадам у Замір’і. Пра гэта пісьменнік згадваў у аўтабіяграфічнай аповесці «Гнилая зима». «В октябре на фронте наступило затишье. Наш отряд  оставался в Замирье, вблизи железной дороги из Баранович в Минск. В Замирье отряд простоял всю зиму. Ничего более унылого, чем это село, я не видел в жизни. Низкие обшарпанные хаты, плоские, голые поля, и ни одного дерева вокруг. Этот угрюмый пейзаж дополняли грязные обозные фуры, косматые худые лошади и обозные солдаты, совершенно потерявшие к тому времени «бравый воинский вид». Их облезлые папахи были драные, наушники на них торчали в стороны, ватники блестели от сала. Шинели были подпоясаны вервием» [6, с. 8]. Такое апісанне дае Паўстоўскі Замір’ю ў час вайны.

Позняй восенню 1916 г. на Заходні фронт прыязджаў Мікалай II. Ён наведаў і Замір’е. «Ко времени его приезда было приказано привести село в порядок. Это выразилось в том, что из лесу привезли много ёлок и замаскировали самые дрянные халупы, » – піша ў сваёй аповесці Паўстоўскі [6, с. 88].

Такім чынам, Першая сусветная вайна глыбока закранула Нясвіжчыну. Жыхары адчулі на сабе цяжар надзвычайнага становішча. На тэрыторыі раёна былі сканцэнтраваны вялікія групы бежанцаў. Праводзілася эвакуацыя дзяржаўных устаноў. З 1915 г. да 1918 г. Нясвіжчына была прыфрантавой зонай, на якой размяшчаліся рэзервовыя часці рускай арміі.

«Можна смела сцвярджаць: ні адна вайна не пакінула на тэрыторыі Беларусі столькі матэрыяльных сведкаў як Першая сусветная. Большасць такіх аб’ектаў пакуль не ўваходзіць ні ў якія спісы гістарычных каштоўнасцей. Аднак, на мой погляд, у сваім комплексе ўсе гэтыя незлічоныя бетонныя доты, кіламетры аплыўшых ад часу акопаў, дзесяткі салдацкіх могілкаў, а таксама іншыя сведкі той, першай глабальнай катастрофы XX стагоддзя – з’яўляюцца унікальным гістарычным помнікам на тэрыторыі Беларусі» [2, с. 2].

Ведаючы тое, што тэрыторыя раёна на працягу некалькіх гадоў была прыфрантавой зонай, мы вырашылі знайсці абарончыя збудаванні, якія маглі быць тут узведзены. Вялікую дапамогу ў гэтым аказала жыхарка в. Вайнілавічы Марыя Сцяпанаўна Шуста. «Калі я хадзіла ў лес, што знаходзіцца за сялом, то бачыла там вялікія равы. Старыя людзі казалі, што гэта акопы, якія выкапалі ў тую царскую вайну». Удалося адшукаць іх. Праз увесь лес ля вёскі Вайнілавічы працягнулася лінія акопаў. Дабрацца да іх сёння вельмі складана. Практычна ўсе яны зараслі хмызняком. Лес на гэтым месцы быў пасаджаны прыкладна пяцьдзесят гадоў назад. У час Першай сусветнай там была адкрытая мясцовасць на высокім узгорку. У нашы дні можна заўважыць вырытыя салдатамі бліндажы. Акопы захаваліся толькі ў лесе. Астатняя частка была знішчана ў час правядзення сельскагаспадарчых работ.

Жыхар г. Мінска Ю.М. Верамейчык, ураджэнец вёскі Вайнілавічы, у мінулым выкладчык матэматыкі ў адной з мінскіх ВНУ, расказваў: «Мой бацька ўспамінаў, што гэтыя акопы былі другой лініяй абароны рускай арміі. Першая была ля Баранавіч. Умацаванні каля Вайнілавіч былі зроблены на той выпадак, калі немцы прарвуць першую абарону. Баёў з 1915 г. па 1917 г. тут не было. Гэтыя акопы цягнуліся на далёкую адлегласць, аж да вёскі Надзея». Вёска Надзея размяшчалася прыкладна ў сямі кіламетрах ад Вайнілавіч. Сёння там ніхто не жыве. Рэшткі акопаў, якія знаходзяцца ў невялічкім ляску, захаваліся да нашых дзён. Яны знаходзяцца ў такім жа запушчаным стане, як і акопы ля Вайнілавіч. Большая частка зраўнялася з зямлёй пры разворванні палёў. На жаль, нават не ўсе мясцовыя жыхары ведаюць, што побач знаходзіцца унікальны гістарычны помнік часоў Першай сусветнай вайны.

Яшчэ адно збудаванне часоў вайны размешчана сёння паміж вёскамі Сноў і Клепачы. Гэта насып, па якім у гады Першай сусветнай рускімі салдатамі была праложана вузкакалейка. Чыгунка была працягласцю каля двух кіламетраў і злучала Сноў і станцыю Хвоева, праз якую праходзіць Брэст-Маскоўская чыгунка. У сноўскім палацы Рдултоўскіх знаходзіўся лазарэт.

Па вузкакалейцы дастаўлялі раненых рускіх салдат і афіцэраў з фронту. Рэйкі былі разабраны яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны. Значная частка насыпу зраўнялася. У наш час яго засталося каля трохсот метраў. Рэшткі былой чыгункі добра бачны нават з далёкай адлегласці. Аднак пра існаванне і гэтага помніка ведаюць толькі мясцовыя жыхары.

Наступнае месца, што нас зацікавіла, знаходзіцца на ўскрайку Нясвіжа. Гэта так званая Войтаўшчына. У гады Вялікай Айчыннай вайны фашыстамі тут былі расстраляны мірныя жыхары горада. А ў часы Першай сусветнай вайны на гэтым месцы знаходзіўся аэрадром. У горадзе базіраваўся авіяполк. Па некаторых звестках камандзірам авіяпалка быў жыхар Нясвіжа. На жаль, устанавіць яго імя не ўдалося. Сёння на месцы былога аэрадрома знаходзіцца аўтадром. І калі ў памяць аб ахвярах фашызму тут устаноўлены помнік, то аб існаванні тут у гады Першай сусветнай вайны аэрадрома і размяшчэнні ў Нясвіжы авіяпалка жыхарам горада невядома.

У тэмы Першай сусветнай вайны ёсць важны з маральнага пункту гледжання аспект. Гэта шматлікія могілкі расійскіх, нямецкіх, аўстра-венгерскіх ваеннаслужачых, якія засталіся на тэрыторыі Беларусі з тых часоў. Да 1939 г. у Заходняй Беларусі, якая ўваходзіла ў склад Польшчы, воінскія захаванні старанна даглядалі. На грошы, што пералічваў германскі ўрад, магілы добра даглядаліся, драўляныя крыжы замяняліся на бетонныя, устанаўліваліся мемарыялы ў гонар загінуўшых. Астанкі воінаў з невялікіх і адзіночных пахаванняў эксгуміраваліся і пераносіліся на больш буйныя могілкі. Прычым польскі ўрад і замежныя грамадскія арганізацыі, у першую чаргу Народны саюз Германіі па догляду за воінскімі захаваннямі, не бачылі розніцы паміж ваеннаслужачымі, што змагаліся за супрацьлеглыя бакі. На адных і тых жа могілках знайшлі спачын і нямецкія, і расійскія салдаты – догляд за іх могілкамі быў аднолькавы [4, с. 27;10].

У Савецкім Саюзе адносіны да захаванняў часоў Першай сусветнай былі іншымі. Аб яе героях і ахвярах стараліся лішні раз не ўпамінаць.

Аб тым, што Нясвіжчына знаходзілася ў непасрэднай блізасці ад фронту, напамінаюць і вайсковыя пахаванні, што засталіся на тэрыторыі раёна. У час работы з матэрыяламі фонда Баранавіцкага краязнаўчага музея нас зацікавіў загад па Штабу Вярхоўнага Галоўнакамандуючага ад 8 чэрвеня 1915 г. № 40. У ім сказана, што па чыгунцы, якая праходзіла праз Баранавічы, дастаўляліся ў мясцовыя лазарэты цяжка хворыя і параненыя ніжнія чыны. Такіх байцоў не маглі перавозіць у тылавыя лячэбныя ўстановы. У мястэчку Замір’е (сучасная Гарадзея) і вёсцы Сноў знаходзіліся лазарэты. Цяжка раненыя воіны зачастую паміралі. Таму менавіта ў Гарадзеі і ля вёскі Сноў засталіся ваенныя могілкі.

Захаванне ў Гарадзеі размешчана ў самым цэнтры пасёлка, недалёка ад чыгункі. Помнік на месцы пахавання салдат быў пастаўлены яшчэ да 1939 г. Надпіс зроблены на польскай мове. Летам 2009 г. на месцы захавання працавалі ваеннаслужачыя 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Міністэрства абароны. Як паведаміў камандзір роты капітан Цётушкін, было ўстаноўлена, што ў Гарадзеі пахаваны расійскія салдаты. Знойдзены астанкі воінаў, металічныя гузікі, спражкі ад рэмняў. Па словах вайскоўцаў, у тыя часы яшчэ не было капсулаў са звесткамі аб байцах, таму ўстанавіць імёны пахаваных немагчыма. Захаванне ў Гарадзеі невялікае. Тут пахавана каля дваццаці ваеннаслужачых расійскай арміі.

Магчыма, дзякуючы таму, што захаванне размешчана ў цэнтры пасёлка, яго даглядаюць мясцовыя ўлады. Але размова з некаторымі жыхарамі Гарадзеі паказала, што большасць з іх не ведае, хто пахаваны на гэтым месцы. Надпіс на помніку зроблены даўно, прачытаць яго складана.

Як адзначалася вышэй, яшчэ адны ваенныя могілкі знаходзяцца за вёскай Сноў. У невялікім лясочку ў шэсць радоў размяшчаюцца магілы, якія добра захаваліся. На кожнай ляжыць каменная пліта. Надпісы зроблены на польскай мове. Значыць, і гэтыя могілкі былі добраўпарадкаваны яшчэ да 1939 г. Як адзначаў У. Багданаў: «Ля Снова знаходзяцца, напэўна, адзіныя могілкі расійскіх салдат, дзе на помніках захавалася столькі імёнаў» [2, с. 4]. На большасці пахаванняў напісана: «Невядомы салдат». Але ёсць шмат магільных надпісаў з імёнамі, з назвамі палкоў, дзе служылі загінуўшыя. На многіх магілах указаны даты смерці салдат. На адной магільнай пліце ўдалося прачытаць: «Васіль Фядоцьеў, грэнадзёр 4-га Грэнадзёрскага Нясвіжскага палка, загінуў 6 ліпеня 1917 г.» Значыць, тут пахаваны і нашы землякі. На сноўскай зямлі знайшлі ўпакаенне прадстаўнікі розных нацыянальнасцей: рускія афіцэры Іван Бабкін, Раман Міхайлаў, афіцэр дагестанскага палка Аджабарух Аганесянц, Катаржына Прахарук – сястра міласэрнасці, ёсць ваеннаслужачыя-палякі. Пахаванні зроблены ад 1915 г. да 1918 г.

Да 2008 года ваенныя могілкі ў Снове былі ў жудасным выглядзе. Іх добраўпарадкаваннем сталі займацца валанцёры – члены Народнага саюза Германіі па догляду за ваеннымі пахаваннямі. Акрамя Беларусі, яны працуюць у Германіі, Польшчы, Францыі, Чэхіі, Расіі і іншых краінах. Па ініцыятыве немцаў у памяць аб загінуўшых быў устаноўлены каталіцкі крыж і ўзведзена мармуровая пліта з надпісам на нямецкай і рускай мовах.

Яшчэ некалькі брацкіх магіл часоў Першай сусветнай вайны было знойдзена пасля размоў з жыхарамі вёсак Слаўкава, Вайнілавічы, Сейлавічы. Як сцвярджае А. Ліцкевіч, «…белорусское государство пока не в полной мере взяло на себя функции по уходу за воинскими захоронениями Первой мировой войны. До этого времени установка памятников на большинстве этих кладбищ остается заслугой энтузиастов» [5, с. 62]. Такі энтузіяст жыве ў вёсцы Слаўкава. Гэта Грышкін Міхаіл Афанасьевіч, 1939 г.н. Ён успамінае: «Гэты ўзгорачак на могілках я бачыў з дзяцінства. Людзі расказвалі, што тут пахаваны нашы салдаты яшчэ з царскай вайны. Ужо ў 1918 годзе немцы наступалі. Адна група ішла па дарозе на Качановічы, другая на Сейлавічы. Каля Слаўкава стаяла руская батарэя і рабіла абстрэл. Загінуўшых рускіх пасля бою мясцовыя жыхары і пахавалі на вясковых могілках, а немцаў пахавалі ў Сейлавічах. Мой бацька быў удзельнікам той вайны. Ваяваў недалёка ад Гродна. Расказваў, што ў адным баі пад ім падбілі аж трое коней, а сам ён выжыў. У памяць аб бацьку я вырашыў на свае сродкі паставіць помнік загінуўшым тут байцам».

Пахаванне ў Сейлавічах знайсці было практычна немагчыма. Мясцовыя жыхары пра яго не ведалі. На могілках за вёскай сустрэўся пажылы вартаўнік, які і паказаў нам месца, дзе, па словах М.А. Грышкіна, пахаваны нямецкія салдаты. Гэтую магілу ніхто не даглядае.

Такія ж брацкія магілы знаходзяцца на могілках ля вёскі Вайнілавічы. Па словах Марыі Сцяпанаўны Шусты, старажылкі вёскі, яны засталіся з 1918 года. Пасля бою, які адбыўся за вёскай, мясцовыя жыхары ў адной магіле пахавалі рускіх, а ў другой – нямецкіх салдат. Гэтыя пахаванні знаходзяцца побач. Як і ў Сейлавічах, аб іх існаванні ведаюць толькі старажылы…

 

Спіс выкарыстаных крыніц

  1. Адамушко В.Г. Без срока давности / В.Г. Адамушко // Беларуская думка.–2008.–№11.– С.32-35.
  2. Багданаў У.С. Беларусь у гады Першай сусветнай вайны / http://fortress.by/
  3. Бераснеў П.М. Першая сусветная вайна праз аб’ектыў сучасніка / П.М. Бераснеў // Звязда.–2008, 12 жніўня.
  4. Гигин В.В. Код войны / В. В. Гигин // Беларуская думка.–2008.– №11.– С.26-27.
  5. Лицкевич О.А. Мертвые среди живых / О.А. Лицкевич // Беларуская думка.– 2008.– №11.– С.60-63.
  6. Памяць: гістарычна-дакументальная хроніка Нясвіжскага раёна / склад. Г.П.Пашкоў [і інш.].– Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2001.–628 с.
  7. Смольянинов М.П. Трагедия народа / М.П. Смольянинов // Беларуская думка.– 2008.– №11.– С.28-31.
  8. Фогель В. Барановичи. 1916 г. Мировая война в отдельных операциях / В. Фогель; пер. А.И. Далина; под ред. П.И.Изместьева.– Петербург: Государственное издательство, 1921.– 57 с.
  9. Шляхцін Д.І. Героям Першай сусветнай вайны памяць і ўдзячнасць / Д.І. Шляхцін // Звязда.– 2008, 12 снежня.