Выніковая выстава конкурсу “На сваёй зямлі”

14 красавіка ў галерэі «Прырода і творчасць» адбылося адкрыццё выніковай выставы 11-га Міжнароднага конкурсу жывапісу і графікі «На сваёй зямлі» і ўзнагароджванне пераможцаў.

У гэтым годзе выстава і ўзнагароджванне праходзілі ў Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства. З самага ранку пераможцы разам з педагогамі і бацькамі сабраліся ў галерэі цэнтра, дзе размясцілася 352 работы юных мастакоў з 22 краін і адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы. Прывітальнае слова ўдзельнікам мерапрыемства сказалі прадстаўнік цэнтра экалогіі і краязнаўства Ірына Марчанка, куратар конкурса, праект-мэнэджэр ГА "Беларускі зялёны крыж" Наталля Святкіна, а таксама ганаровыя госці - першы сакратар амбасады ЗША ў Беларусі па пытаннях інфармацыі, адукацыі і культуры Рыма Койлер і прадстаўнік Россупрацоўніцтва Ала Кейге.

Усе выступоўцы выказалі сваё захапленне прадстаўленымі работамі і адзначылі, што дзіцячае мастацтва з'яўляецца тым мастом паміж краінамі і кантынентамі, які яднае народы і супрацьстаіць злобе і агрэсіі.

Пасля таго, як усе словы былі сказаны, дзеці з радасцю знайшлі свае работы ў экспазіцыі і пазнаёміліся з творчасцю калег, усе перамясціліся ў актавую залу, дзе адбылася самая прыемная частка мерапрыемства - узнагароджванне пераможцаў і ўручэнне падарункаў.

Цырымонія ўзнагароджвання пачалася з прывітання загадчыка аддзела інфармцыі і сувязей з грамадскасцю Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Таццяны Еўдасёвай і ўручэння дыпломаў пераможцам у экалагічнай намінацыі. У якасці прыза прадстаўнікі школ пераможцаў атрымалі падарункавы экзэмпляр "Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь".

Працягнулася цырымонія індывідуальным узнагароджваннем юных мастакоў і мультыплікатараў. Пераможцы конкурса жывапісу і графікі атрымалі Дыпломы, медалі і прызы з рук старшыні журы, мастака Леаніда Гоманава, а пераможцаў конкурсу мультыплікацыі і дыяфільмаў ўзнагароджвала член журы, мастак-пастаноўшчык анімацыйных фільмаў Галіна Раманава. Падчас цырымоніі дэманстраваліся мультфільмы пераможцаў конкурсу, што зрабіла мерапрыемства больш ажыўленым і вясёлым

Арганізатары спадзяюцца, што самі конкурсы, а таксама выставы і ўзнагароды паспрыяюць далейшаму плённаму развіццю юных мастакоў і аніматараў.

Глядзець фотарэпартаж

Наведаць выставу можна да 8 мая ў галерэі «Прырода і творчасць» Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства (вул. Макаёнка, 8). Уваход вольны

Паглядзець мультфільмы пераможцаў  I Міжнароднага конкурсу мультыплікацыі і дыафільмаў можна будзе ў бліжэйшы час на нашым сайце.