Адкрыты праект «Перазоў стагоддзяў: 1812 – 2012»


Грамадская арганізацыя «Беларускі зялёны крыж» сумесна з клубам-сядзібай «Бівак» у межах Міжнароднага мастацкага праекта «На сваёй зямлі» рэалізавала Адкрыты гадавы праект «Перазоў стагоддзяў: 1812 – 2012», прысвечаны 200-годдзю Рускай кампаніі Напалеона і падзеям 1812 года на беларускіх землях.


Роўна два стагоддзі мінула з тых часоў, як па нашай зямлі пранесліся віхуры падзей, што карэнным чынам перамянілі ход усёй еўрапейскай гісторыі. Чаму так адбылося? Праз якія выпрабаванні выпала прайсці нашым продкам і зямлі, на якой яны жылі? Якое дачыненне мы маем да гэтых падзей? Да развагаў над гэтымі пытаннямі нам падаецца вельмі важным прыцягнуць творчаю супольнасць і асабліва маладых мастакоў з тых краін, што наўпрост мелі дачыненне да гэтых масштабных гістарычных падзеяў.

Да ўдзелу ў праекце запрашаліся маладыя мастакі – вучні і студэнты мастацкіх навучальных установаў, выкладчыкі выяўленчага мастацтва з Беларусі, Расіі, Украіны і іншых краін.

Падчас праекта прайшло сем творчых майстэрняў для маладых мастакоў і скульптараў, якія жадалі стварыць творчыя работы, прысвечаныя тэме праекта, а таксама двухтыднёвы Міжнародны пленэр творчай моладзі, падчас якога адбыліся паездкі па знакавых мясцінах падзей 1812 года і іншыя мастацкія, скульптурныя, тэатральныя творчыя падзеі.

Высілкамі ўдзельнікаў праекта таксама быў створаны кенатаф памяці І.Х.Каладзеева, які будзе ўсталяваны ў Барысаве.

Вынікі праекта прадставіла Міжнародная выстава жывапісу, графікі і скульптуры, прысвечаная падзеям 1812 года на беларускіх землях. Экспазіцыя была паказана ў выставачных залах і музеях Барысава, Мінска, Магілёва, а ў 2013 годзе яна таксама наведае Расію і Украіну.

Пра тое, як ствараліся работы, што ўвайшлі ў выніковую выставу, распавядзе відэафільм «Перазоў стагоддзяў: 1812 – 2012», створаны падчас праекта. Таксама Вы маеце магчымасць пазнаёміцца з інтэрв'ю ўдзельнікаў праекта на нашым сайце.

ДЗЯКУЕМ ЎСІМ, ХТО СПРЫЧЫНІЎСЯ ДА ГЭТАГА ПРАЕКТА!


НАШЫ ПАРТНЁРЫ:

Клуб-сядзіба «Бівак»
Грамадскае аб'яднанне «Бярэзіна 1812 год»
Барысаўская раённая бібліятэка імя І.Х. Каладзеева
ЗАА «БелСвісБанк»
ПУП «Захад-Транснафтапрадукт»