Журы VI Міжнароднага конкурсу жывапісу і графікі "На сваёй зямлі"


У склад журы VI Міжнароднага конкурсу жывапісу і графікі "На сваёй зямлі" ўвайшлі 14 прафесійных мастакоў і педагогаў з Беларусі, Расіі і Украіны. Пазнаёміцца з меркаваннем кожнага з іх пра конкурс і конкурсныя работы вы маеце магчымасць, прачытаўшы невялікія інтэрв'ю.


ЛЕАНІД ГОМАНАЎ, старшыня журы (г. Мінск, Беларусь)
Сябра Беларускага саюза мастакоў, сябра-карэспандэнт Міжнароднай акадэміі культуры і мастацтваў

У дыскусіях пра конкурс "На сваёй зямлі" з педагогамі мастацкіх школ і студый не раз закраналася пытанне, ці трэба прапаноўваць удзельнікам тэмы работ. Назва конкурсу і ягоная ідэя і так дастаткова зразумелыя. А каб ствараць, мастаку не патрэбныя рамкі, якія для яго прыдумляюць. Творы, у якіх выразна выяўлена ідэя і таленавіта знойдзена мастацкае рашэнне, заўсёды заслугоўваюць ўвагу і з боку журы, і з боку гледача. Калі глядзіш на работу, і ў ёй усё гарманічна (прысутнічае каларыт, пластыка выяўляемых прадметаў, вытрымана кампазіцыя), то не думаеш ні пра назву, ні пра тое, якая была зададзена тэма. Ты бачыш хараство, якое закранае пачуцці, хвалюе, і атрымліваеш ад гэтага асалоду. Жывапіс, як і музыка – гэта ўніверсальная мова, на якой праз фарбы і лініі мастак стварае вобразы і так перадае свае думкі, пачуцці і ідэі. А тэма ў гэтым выпадку мае другаснае значэнне.

ЯГОР БАТАЛЬЁНАК (г. Мінск, Беларусь)
Сябра Беларускага саюза мастакоў

Мастацкая творчасць ёсць адным з найважнейшых чыннікаў фармавання паўнавартаснай асобы.  Яна не можа быць кампенсавана ніякім іншым відам дзейнасці. Таму імкненне да мастацкай творчасці неабходна падтрымліваць і развіваць у кожным дзіцяці, незалежна ад ягоных здольнасцяў. У чалавеку трэба бачыць творцу. А творчы акт варта разглядаць як акт адухоўлены і асабісты. Таму непажадана ўсялякае ўмяшальніцтва. Вынік жа павінны аналізавацца і асэнсоўвацца педагогам, бо ў ім адлюстроўваецца ўнутраны свет юнага мастака, бачныя ягоныя памкненні. І задача педагога – стымуляваць усё вартае, а калі патрэбна – дапамагчы знізіць агрэсію ці наогул пераарыентаваць на іншыя тэмы і сюжэты.

Станаўленне творчай асобы немагчымае без умення гарманізаваць свае пачуцці і розум, свядома скіроўваючы іх на стваральны шлях. Адказнасць мастака заключаецца, перш за ўсё, у вернасці свайму таленту і чысціні памкненняў. Пра гэта павінны памятаць усе, хто дапамагае сфармавацца творчай асобе. Разам з тым педагог мусіць улічваць тэндэнцыі сучаснага мастацтва, якія даволі часта ігнаруюць традыцыі і агульны мастацкі вопыт.

Наш час з’явіў новы тып мастака, які педаходзіць ад суб’ектыўнага адлюстравання рэальнага свету да сцвярджэння суб’ектыўнага свету ідэй. Суб’ектыўнае празмерна гіпертрафуецца, эгацэнтрызм прэвалюе над адзінствам асабістага са ўсеагульным. Свет мегаполісаў спараджае мастацтва, сутнасць якога другасная, абумоўленая асяроддзем, што створана самім чалавекам. Такое кола самаабмежавання непазбежна збядняе мастака. Да таго ж, вузкая спецыялізацыя без надзейнага духоўнага падмурку (што ёсць характэрнай прыкметай нашага часу) спрыяе дэградацыі чалавека.

Магія мастацтва! Яна бывае белая і чорная. Шлях спасціжэння сапраўднай прыгажосці цяжкі, але ён узнагароджваецца сапраўднай радасцю. Шлях да зманлівай прыгажосці лёгкі. Але ж якая яго вартасць?!

Дзіцячыя творы, змешчаныя ў гэтым альбоме, адметныя па форме і глыбокія па змесце. Пры вялікай разнастайнасці індывідуальнасцяў яны з’ядныя шчырым, вобразным бачаннем сваёй зямлі.

АЛЕГ ВАСІЛЬЕЎ (г. Вялікі Наўгарад, Расія)
Сябра Саюза мастакоў Расіі, дырэктар Наўгародскай дзіцячай мастацкай школы

Конкурс "На сваёй зямлі" даруе ўнікальную магчымасць прааналізаваць цяперашні стан дзіцячага выяўленчага мастацтва. І ў гэтым агромная заслуга арганізатараў – яны здолелі прыцягнуць да ўдзелу вялікую колькасць мастацкіх школ і студый з розных краін.

Якасць твораў, дасланых на конкурс, гаворыць пра яго высокі статус. Удзельнічаць ганарова, перамагаць прыстыжна. Не так часта сутыкаешся з сітуацыяй, калі сярод дзіцячых твораў так цяжка абраць лепшае. Але тут з мноства выдатных работ абіраліся шэдэўры.

ЮРЫЙ ГРЫГОР’ЕЎ (г.Уфа, Башкартастан, Расія)
Сябра Саюза мастакоў Расіі, старэйшы метадыст Рэспубліканскага метадычнага цэнтра па адукацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Башкартастан, Заслужаны работнік культуры Рэспублікі Башкартастан, выкладчык дзіцячай мастацкай школы №1 імя А.Кузнецова г.Уфы.

Мне вельмі падабаецца падыход журы да работ Міжнароднага конкурса «На сваёй зямлі». На іншых конкурсах шмат чаго ідзе ад розуму – ацэньваюць акадэмічнасць, дэкаратыўнасць і інш. А тут усё ідзе з душы. Часам здаецца нават, што сябры журы самі не ведаюць дакладна, за што яны высока ацэньваюць дзіцячы твор – яны проста адчуваюць, што ў ім ёсць жыццё і нейкая сіла, здольная ўздзейнічаць на гледача. Гэта вельмі здорава, і мне здаецца, што гэта галоўнае дасягненне конкурсу.

СЯРГЕЙ ГРЫЧАНОК (г. Харкаў, Украіна)
Выкладчык-метадыст вышэйшай катэгорыі, намеснік дырэктара Харкаўскага ліцэя мастацтваў №133

Конкурс ад душы парадаваў мяне арганізацыяй работы журы. У яго склад уваходзіла 14 чалавек, і спачатку здавалася, што будзе вельмі складана дамовіцца – у кожнага свае густы і прыхільнасці, свае погляды на творчасць у цэлым і на дзіцячае мастацтва ў прыватнасці. Але атмасфера была дабразычлівай, а праца – суладнай. І я вельмі рады за тых дзяцей, чые работы прайшлі гэты няпросты адбор.

Я заўважыў, што на конкурс прыходзіць шмат вучэбных работ, і, шчыра скажу, мне гэта не вельмі падабаецца. Вучэбныя работы адлюстроўваюць узровень адукацыі, але яны не раскрываюць творчага аблічча аўтара. Мастацкая школа вучыць захоўваць прапорцыі, граматна размесціць усё на аркушы, але ў конкурснай рабоце не гэта галоўнае.

Творчы пачатак – гэта кампазіцыя ў шырокім сэнсе гэтага слова. Але найчасцей ёй проста не надзяляецца дастатковай увагі, бо мэтай навучання становіцца падрыхтоўка да атрымання прафесійнай адукацыі. Але, на маю думку, галоўнае – гэта гарманічнае развіццё асобы дзіцяці. І няхай ён у будучыні не стане мастаком, а медыкам, поварам, філосафам – любы від дзейнасці ён здолее ператварыць у творчасць.

Я вельмі спадзяюся на тое, што конкурс знойдзе яшчэ шмат адзінадумцаў у поглядах на дзіцячую творчасць, на праблемы сучаснасці і эстэтычнага выхавання маладога пакалення. Няхай аазіс любові да прыроды і чалавека, як часткі гэтай прыроды, разрастаецца, ператвараючы духоўныя пустыні ў СВАЮ ЗЯМЛЮ, унікальную для кожнага і адзіную для ўсіх!

НІНА ГРОМ (г. Масква, Расія)
Сябра Творчага саюзу мастакоў Расіі, галоўны рэдактар часопіса "Мастацкая школа"

Работа журы праходзіла на ўзроўне высокіх эмоцый, інтуіцыі, падсвядомасці. Мы, можна сказаць, пражывалі кожны малюнак нанова, імкнуліся зразумець, што кіруе дзіцём, што кіруе яго педагогам.

З кожным годам конкурс набірае абароты, і гэта бясспрэчна: я бачу каласальны рост у арганізацыі, узроўні работ. З каталогамі конкурсу я працую ўжо два гады: гартаю, узгадваю, звяртаюся да яго інфармацыйнай часткі. Яны даюць мне ўяўленне пра культуру педагогаў, якія працуюць у мастацкіх школах, пра іх разуменне таго, як трэба вучыць, ці патрэбна захоўваць традыцыі, альбо наадварот, зыходзіць у новы сучасны кірунак мастацтва. Для мяне гэта магчымасць адсачыць, як развіваюцца мастацкія працэсы ў розных краінах, у тым ліку ў Расіі.

Дзякуй вам, дарагія сябры, за тую справу, якую вы развіваеце цягам столькіх год, за атрыманы каштоўны досвед і за магчымасць аднойчы глянуць на свет вачыма дзіцяці.

ФАІНА КЛЕЦОВА (г.Омск, Расія)
Загадчыца метадычнага аддзела мастацкай адукацыі Бюджэтнай установы культуры Омскай вобласці "Дзяржаўны цэнтр народнай творчасці"

Работа ў журы конкурса «На сваёй зямлі» кожны раз з’яўляецца важным этапам маёй прафесійнай дзейнасці. Па-першае, гэта магчымасць пабачыць увесь спектр сусветнай дзіцячай творчасці, што неімаверна цікава. Па-другое, гэта ацэнка дзейнасці свайго рэгіёну, што заўжды хвалюе. Я не бачу работ, якія адпраўляюць нашы школы на конкурс, і вынікі даведваюся з пратакола. Шчыра радуюся, калі ёсць медалісты і ўдзельнікі выставы.

Некалькі гадоў запар работы навучэнцаў омскіх мастацкіх школ ацэньваюцца дастаткова высока. Я шмат разважала пра прычыны гэтага поспеху, але апошняя міжнародная канферэнцыя мастакоў-педагогаў навяла мяне яшчэ на адную думку. Мы вельмі далёкія ад Еўропы і пануючай там ідэі выхавання вольнага мастака. Вельмі асцярожна пераймаючы новае, мы мімаволі робімся захавальнікамі традыцыйнай школы навучання, захоўваем і працягваем развіваць тое, што на Захадзе практычна знікла. І вынікі конкурса ёсць падцверджанне таму, што наш погляд на мастацтва не страціў сваёй каштоўнасці.

ЛЕАНІД НЕСЦЕРАЎ (г. Масква, Расія)
Акадэмік, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай акадэміі культуры і мастацтваў, дырэктар Цэнтра  дасугава-развіццёвых і інфармацыйных тэхналогій для дзяцей і моладзі "РАДУГА"

Конкурс "На сваёй зямлі" – выдатны прыклад міжнароднага супрацоўніцтва. У наш час актуальна пытанне абмену метадычным досведам на розных узроўнях, як на нацыянальным, так і на міжнародным. І арганізатары конкурсу робяць гэта з дапамогай выніковых выставаў, цудоўных каталогаў і міжнароднай канферэнцыі мастакоў-педагогаў, што праводзіцца ў межах конкурсу.

Цяпер, калі ў многіх краінах светапоглядны і духоўны крызіс, спажывецкі прымітывізм і разгул «псеўдамастацтва», асобае значэнне маюць міжнародныя і міжнацыянальныя сувязі, накіраваныя на захаванне і развіццё культурных традыцый, у якіх творчы складнік з’яўляецца адным з прыярытэтных.

Духоўнае здароўе дзяцей – гэта здароўе любой нацыі. І тое, што сёння мы здолеем укласці ў новае пакаленне, адклікнецца ў самай бліжэйшай будучыні. Страта грамадствам сваіх духоўных і іншых сацыяльна значных арыентыраў прывядуць да хааса ў галаве дзіцяці і размыванню такіх  асноўных паняццяў як дабро і зло. Роля педагога, настаўніка ў выхаванні тут як нідзе вялікая, і конкурс спрыяе гэтаму ў поўнай меры.

Хачу пажадаць конкурсу далейшага развіцця і падтрымкі. Каб у ім удзельнічала як мага болей дзяцей, якія малююць, мастацкіх школ з розных краін, і таксама зацікаўленых дзяржаўных і грамадскіх структур і ўсіх неабыякавых!

АКСАНА ПІЛІПЮК (г. Уфа, Башкартастан, Расія)
Дырэктар па навуцы і творчасці школа малюнка і жывапісу "Художка"

Творчасць чалавека адбываецца ва ўсім, і адбывалася ў старадаўнія часы нават з вынаходніцтвам кола і павозак. Без творчасці чалавецтва проста не існавала б! Творчасць – працэс вызвалення ўнутранай энэргіі, якая ёсць у кожным з нас. Гэта энэргія – станоўная і светлая. Яна дорыць нам стан гармоніі. Гэты самы стан неабходны і дзіцяці. Любое дзіця па сваёй прыродзе – творца. І гэта атрымліваецца ў яго часам лепей, чым у нас, дарослых. Самае галоўнае – што ў дзіцяці адкрылася жаданне маляваць і адлюстроўваць свет на паперы. Цяпер застаецца толькі развіць гэтае жаданне, ператварыць яго ў рэальнае дзеянне. Творчасць дзіцяці – важны элемент станаўлення яго ўласнай самасвядомасці і самаразумення. Ён нібы перароблівае свет пад сябе, і дапамагае сам сабе зразумець і спасцігнуць яго лепей. Ён вучыцца спасцігаць прыгажосць гэтага света і бачыць “белыя плямы”, якія неабходна запоўніць сваёй творчасцю для таго, каб свет стаў трошкі лепей і прыгажэй. Развіццё творчасці дзяцей дапамагае нам захаваць свет такім, які ён ёсць. Без перабольшанняў – наш абавязак дапамагчы дзіцяці адчуць танкія ніці хараства і паспрабаваць выправіць гэты свет хаця б у дэталях.

АЛЯКСАНДР САРОЧКІН (г.Воткінск, Удмуртыя, Расія)
Ганаровы работнік агульнай адукацыі Расіі, Заслужаны работнік культуры Удмуртыі, загадчык мастацкага аддзялення дзіцячай школы мастацтваў г.Воткінска.

Конкурс "На сваёй зямлі", што праходзіць у Беларусі, стаў аглядам мастацкай творчасці школ з многіх краінаў. Арганізатары шмат увагі надзялаюць якаснаму развіццю і ўдасканаленню праекта. Доказам таму служыць цікавасць да конкурсу, якая расце год ад году.

Воткінская школа мастацтваў вось ужо некалькі год з’яўляецца ўдзельнікам Міжнароднага конкурсу жывапісу і графікі «На сваёй зямлі». На мой погляд, вельмі ўдала абраная назва конкурса. Яна накіроўвае позірк юнага мастака на навакольны свет, даследуючы які, ён вучыцца любові і беражлівым адносінам да ўсяго, што знаходзіцца навокал яго.

Я быў у журы многіх дзіцячых конкурсаў розных узроўняў, але гэты запомніўся мне вельмі добрымі і паважлівымі адносінамі ўсіх сяброў журы да твораў юных мастакоў. Не можа пакінуць абыякавым і каталог, які выдаецца па выніках конкурсу. На мой погляд, ён заслугоўвае самай высокай ацэнкі.

Вельмі хацелася б, каб цікавасць да гэтага выдатнага конкурса жыла як мага долей, а мы з задавальненнем будзем дасылаць свае работы і прымаць у ім самы актыўны ўдзел!

ВАЛЕРЫЙ ЦІМАФЕЕЎ (г.Омск, Расія)
Сябра Саюза мастакоў Расіі, дырэктар дзіцячай мастацкай школы №1 г. Омска

Нас, амічоў, часта пытаюць пра прычыны поспеху омскіх "художак" на гэтым конкурсе. Напэўна, шмат у чым гэта адбываецца дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву нашых педагогаў. Школы абменьваюцца педагагічным досведам, методыкамі работы з дзецьмі па разнастайных дысцыплінах. Ніхто не хавае сваіх педагагічных знаходак – усе даўно пераканаліся, што паўтарыць іншага немагчыма, а ўзяць для сябе нешта можа кожны. Мы адчуваем сябе адзіным калектывам.

Конкурс "На сваёй зямлі", як мне здаецца, таксама дае такую магчымасць. Карыстаючыся каталогам, мы пераймаем досвед калегаў з іншых рэгіёнаў і краін. На Міжнароднай канферэнцыі мастакоў-педагогаў разам абмяркоўваем надзённыя праблемы мастацкай адукацыі і абменьваемся карыснай інфармацыяй. Такога роду прафесійнае супрацоўніцтва адкрывае шырокія магчымасці.

АЛЯКСАНДР ЦІШЫН (г. Масква, Расія)
Выкладчык сярэдняй адукацыйнай школы №1188 з паглыблемым вывучэннем выяўленчага мастацтва

У гэтым годзе я ясна зразумеў: тут, на конкурсе, журы збіраецца не проста абраць пераможцаў. Праглядаючы велізарную колькасці работ з розных краін, мы можам улоўліваць тэндэнцыі ў сучаснай мастацкай адукацыі. Журы звярнула ўвагу на тое, што сярод прысланых на конкурс работ практычна не было акварэлі. Чаму гэтая тэхніка знікае з мастацкіх школ? Вельмі шмат падобных рэчаў патрабуюць рэфлексіі, не толькі педагагічнай, але і агульнакультурнай. Гэта повад прыцягнуць увагу выкладчыкаў, метадыстаў, мастацтвазнаўцаў да пытанняў, што ўзніклі тут, на конкурсе, і тым самым паўплываць на сітуацыю.

ЮРЫЙ ХІЛЬКО (г. Мінск, Беларусь)
Сябра Беларускага саюза мастакоў, дацэнт, загадчык кафедры графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў

Мінулы конкурс уразіў колькасцю дасланых твораў і колькасцю краін-удзельніц. Перад журы стаяла вельмі не простая задача: праглядзець больш за 12 тысяч малюнкаў. Гэта і фізічна цяжка, а выбраць сярод іх самыя лепшыя – напруджаная і адказная праца.

Даваць ацэнку дзіцячаму малюнку значна складаней, чым твору прафесійнага мастака. Для дарослага маторны акт пры стварэнні карціны з’яўляецца толькі сродкам дасягнення мэты, а ў дзцячым малюнку ён яшчэ застаецца часткай выявы, і гэта трэба абавязкова ўлічваць.

Нельга абысці ўвагаю спрадвечнае ўзаемадзеянне такіх катэгорый як творчасць і мастацкае ўмельства. З якога часу пачынаць навучаць дзіця прафесійным ведам малявання – малюнку, жывапісу, кампазіцыі? Бо вядома, што можна быць цудоўным малявальшчыкам, жывапісцам, але пры ўсім тым не стаць мастаком. Уся справа ў Божым дары, таленце, якім прырода ашчодрыла чалавека. І ў развіцці гэтага таленту роля выкладчыка становіцца самай галоўнай, асабліва на першым этапе атрымання мастацкай адукацыі.

Дапамагчы юнаму мастаку ў яго станаўленні – справа неверагодна цяжкая. Мудрасць настаўніка і прафесійнае адчуванне таго, што перад табой будучы майстра – адзіныя памагатыя ў гэтай справе. Астатняе ўжо залежыць ад самой асобы і ад яе працаздольнасці.

ЛЕАНІД ЭСЛІНГЕР (г.Магнітагорск, Чалябінская волб., Расія)
Заслужаны работнік культуры Расійскай Федэрацыі, дырэктар дзіцячай мастацкай школы г.Магнітагорска

Конкурс – гэта свята юных мастакоў і іх настаўнікаў. Гэта таксама іспыт, вынікаў якога яны гэтак нецярпліва чакаюць. Прызнанне іх працы на такіх магутных конкурсах, як міжнародны конкурс "На сваёй зямлі" дае і дзецям, і педагогам моцны стымул для далейшай творчасці. Таму я шмат распавядаў пра гэты конкурс у сваёй школе, на сустрэчах з прадстаўнікамі школ мастацтваў Магнітагорскага раёну, у Чалябінскай мастацкай вучэльні. Гэты досвед нам вельмі коштоўны для арганізацыі конкурсаў і творчай работы.

Выбітны конкурс і выдатныя людзі, якія яго стварылі. Я шчаслівы спрычыніцца да гэтай вялікай і добрай справы!