Міжнародны конкурс жывапісу і графікі «На сваёй зямлі»: погляд мастацтвазнаўцы

Лідзія ІШКОВА (Валгаград, Расія)
Сябра Саюза мастакоў Расіі, сябра Ўсерасійскай асацыяцыі мастацтвазнаўцаў і мастацкіх крытыкаў, заслужаны работнік культуры Расійскай Федэрацыі, загадчыца кафедры мастацкіх дысцыплін факультэта дызайну Валгаградскага філіяла Маскоўскага гуманітарна-эканамічнага інстытута, прафесар кафедры графікі і дызайну Інстытута мастацкай адукацыі Валгаградскага дзяржаўнага сацыяльна-педагагічнага універсітэта, метадыст абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра

Арганізатары 8-га Міжнароднага конкурсу жывапісу і графікі «На сваёй зямлі» рэалізавалі, безумоўна, шматмэтавы маштабны праект, прызваны выявіць найбольш цікавыя дзіцячыя кампазіцыі, спрыяць творчаму, адукацыйнаму і прафісійнаму развіццю ўсіх яго ўдзельнікаў.

Крытэры, якімі кіравалася журы, традыцыйныя: улічваліся вобразнасць вырашэння, арыгінальнасць, закладзены ў рабоце пазітыўны пачатак, імкненне да колеравай гармоніі, уменне граматна пабудаваць кампазіцыю і раскрыць ідэю, выкарыстоўваючы разнастайны арсенал мастацка-выразных сродкаў і прыёмаў. Выстава па вынікіх конкурсу пакажа, наколькі глыбока адпавядаюць гэтым патрабаванням абраныя работы.

Разнастайныя прыёмы, тэхнікі выканання, выразная мова жывапісных работ і графічных аркушоў, эксперыменты ў друкаванай графіцы дазволілі сабраць якасную і яскравую выставачную калекцыю. Адначасова "праявіліся" і праблемы сучаснай мастацкай адукацыі дзяцей і юнацтва, пытанні пераемнасці традыцый, выхавання эстэтычнага густу праз выяўленчую творчасць і шмат чаго іншага, што "выводзіць" конкурс за межы простага падсумавання вынікаў і выяўлення лепшых работ.

Для работ кожнай узроставай групы характэрны свае асаблівасці. Самыя маленькія мастакі смела запаўняюць плоскасць аркуша, пішуць ярка, эмацыйна, лёгка спраўляюцца з задачамі ў такім складаным відзе творчасці, як друкаваная графіка. Чым старэйшае дзіця, тым больш крытычна яно ставіцца да сваёй творчасці. Яму хочацца "правільна" выразіць у рабоце тое, што яго хвалюе, што яму падаецца істотным. І, калі педагог правільна зарыентуе свайго выхаванца, то работа атрымліваецца і якаснай, і актуальнай. Тыя школы, студыі, што прадставілі ўдалыя работы ў малодшых узроставых групах, апынуліся на вышыні і ў "дарослай" групе. Гэта сведчанне сур'ёзнага адбору, паслядоўнасці, без якой адукацыйны працэс губляе сэнс.

Безумоўна, істотную навізну дадае ўдзел у конкурсе краін Усходу. Кітай, Турцыя, Інданэзія, Інар дасылаюць работы, выкананыя ў "нацыянальным каларыце". Іранскія дзеці ўмела карыстаюць традыцыі персіцкай мініяцюры, кітайскія – веды прыёмаў традыцыйнага жывапісу. Гэтыя кампазіцыі вылучаюцца шчырасцю, любоўю да выразных дэталяў. Яны ўмеюць спалучаць іх з новымі сюжэтамі і тэмамі. З іншага боку, з Кітая было даслана немала стандартных калажоў з "мульцяшнымі" персанажамі, якія малююць дзеці ўсіх узростаў.

Юныя мастакі з Польшчы, Сербіі паказалі на конкурсе добрую друкаваную графіку, дэманструючы глыбокія веды выразных сродкаў графічнага мастацтва. Іх жывапісныя работы, нажаль, значна саступаюць графічным.

Але пяройдзем да размовы пра праблемы. А яны, безумоўна, ёсць. Звычайна конкурсныя работы не аналізуюцца, але асаблівасць конкурсу «На сваёй зямлі» ў заключаецца ў велізарным жаданні яго арганізатараў правесці вялікую метадычную працу з мэтай далейшага паспяховага руху наперад.

Спынюся на работах дзяцей сярэдняй і старэйшай груп. Калі мы бачым відавочна няўдалую работу, то разумеем, што педагог ці ўвогуле не працаваў з выхаванцам, ці ён не здолеў данесці да яго неабходныя веды. І гэта сумна.

Да заняткаў па кампазіцыі трэба дбайна рыхтавацца, асабліва ў перыяд, калі дзеці абіраюць новыя тэмы і пачынаецца працэс стварэння работы. Нічога новага, на мой погляд, не вынайдзена ў паслядоўнасці работы над кампазіцыяй у сярэдняй і старэйшай групе, – эскізная работа, збор матэрыялаў, выкананне эцюдаў і накідаў, пошукі каларыстычнага вырашэння, то бок усяго таго, што дапамагае знайсці для рэалізацыі тэмы адэкватныя выразныя сродкі.

Возьмем для прыкладу працу над тэмай "Партрэт". Здавалася б, тэма дае шырокую прастору для вобразных, тыпалагічных і кампазіцыйных вырашэнняў. Дастаткова ўзгадаць гісторыю мастацтваў. Партрэт абстановачны, партрэт на стыку розных жанраў, партрэт з аксэсуарамі, партрэт у інтэр'еры ды іншае. На конкурсе шмат было цікавых вырашэнняў, характэрных і навад псіхалагічна вырашаных вобразаў. Але, нажаль, сотні партрэтаў, дасланых на конкурс, удалымі ніяк не назавеш. Застылыя маскі-твары, франтальныя позы, стандартныя кампазіцыйныя вырашэнні.

Тэма "Тэатр", як ні дзіўна, сталася для дзяцей складанай. Мажліва, дзеці сталі меней хадзіць у тэатр? Мне прыходзіць на розум думка пра тое, што наведванні спектакляў цэлымі класамі не выклікаюць у дзяцей тую эмацыйную аддачу, на якую разлічваюць дарослыя. Наведваць тэатр дзеці павінны з бацькамі. Тэатр патрабуе засярэджанасці, суперажывання. Тады ўражанні ад відовішча будудць нашмат яскравейшымі. У большасці прадстаўленых на конкурс работ – паўтор адных і тых жа матываў: спінкі фатэляў у партэры, далёкая сцэна, занавес, які "з'ядае" палову работы. А ведзь за тым, што адбываецца на сцэне, цікава назіраць і з куліс, можна "наведаць" грымёрку актораў, зазірнуць са сцэны на гледачоў... "Тэатр пачынаецца з чаплялкі" – ведзь таксама цікавы падыход: што адбываецца ў тэатры да і пасля спектаклю? Ёсць мноства разнастайных вырашэнняў, знайсці якія дзецям замінуў "нетворчы" падыход да тэмы.

Было таксама шмат работ, якія і на школьных праглядах не атрымалі б станоўчай ацэнкі: букецікі, нібы з паштовак, валянцінкі, саладжавыя мордачкі, проста "жахі", стылізацыя пад вядомыя зарубежныя вобразы кіно і мультфільмаў. Мы разумеем, што густавыя прыхільінасці нашых дзяцей, уяўленні пра дабро і зло рэгулярна скажаюцца сродкамі масавай інфармацыі. Але гэта аб'ектыўныя фактары, ад якіх нікуды не падзецца, і тут трэба зноў казаць пра ролю педагога, на якога ўскладзена задача выхавання ў дзяцей эстэтычнага густу, фарміравання пазітыўнага стаўлення да навакольнага свету.

Часам даводзілася дзівіцца колькасці дасланых работ, падобных па стылістыцы, кампазіцыі, колеравам вырашэнні. Дэкаратыўныя букеты, стылізаваныя каты і зайцы, змеі і сланы выкананы нібы адной і той жа рукой. Апынулася, гэта заданне была дадзена ўсёй групе навучэнцаў. Педагог не парупіўся адабраць лепшыя работы на конкурс, а найчасцей яны і не былі прызначаны для конкурсу, а дасланыя таму, што "трэба паўдзельнічаць". Такі фармальна-бяздушны падыход, канешне, не радуе.

Сур'ёзны адбор работ для конкурсу патрэбны па многіх прычынах, але, відаць, галоўная ў тым, каб дзіця адчула гонар і задавальненне ад таго, што яно зрабіла цікавую кампазіцыю, якая запамінаецца, і заслужыў права ўдзельнічаць у міжнародным творчым конкурсе.

Актуальнай застаецца таксама праблема ўмяшальніцтва педагога ў работу вучня. Падказаць і накіраваць, але не перапісваць і не дапісваць вучнёўскую работу. Прафесійна пакладзеныя блікі, майстэрскія мазкі, прапрацаваныя аб'ёмы і дэталі часам губяць дзіцячую работу на корні, пазбаўляючы яе непасрэднасці і выразнасці. Зразумела, што работы, дзе бачная рука настаўніка, на конкурсе не разглядаюцца.

Нажаль, на конкурс таксама дайшлі работы (у працэнтных суадносінах іх было няшмат), якія можна назваць адкрытым плагіятам. Крыніцы натхнення – дастойныя мастакі, класікі сусветнага мастацтва: Рэмбрант, Гейнсбара, Брулоў, Венецыянаў, Ван Гог, Серабракова, Пікаса і іншыя. Лічачы, што савецкае мастацтва ўжо забылася, некаторыя выкладчыкі з яго арсенала абіраюць творы розных аўтараў для выканання дзецьмі партрэтаў, пейзажаў, вытворных кампазіцый. Напрыклад, Якаўлева, Беляніцкага-Біруля, Яблонскую, Ракшу ды ншых.

Часта мы бачылі ў работах не наўпросты плагіят, а запазычанні фрагментаў карцін ці графічных аркушоў замест эцюднай работы з натуры. Падбіраецца рэпрадукцыя, адкуль перамалёўваюцца фігуры ў патрэбным ракурсе альбо цэлыя кавалкі.

Нажаль, з'явілася яшчэ адная форма запазычання – перамалёўванне чужых удалых кампазіцый з каталогаў і праспектаў міжнародных конкурсаў.

Ёсць у праблемы "плагіят для ўзнагарод" і этычны аспект. Настаўнік, які накіроўвае вучня па нячэсным шляху, не можа лічыцца ні выкладныкам, ні выхавацелем. Ён распісваецца ў асабістым педагагічным бяссіллі.

Настойлівы пошук і самастойнае засваенне тэмы – гэта цяжка, але цікава. На гэтым шляху побач з вучнем мусіць быць настаўнік, які падказвае, вядзе.

Ні для кога не сакрэт, што азы будучай прафесіі закладаюцца ў школе. Конкурс паказаў, што дастаткова дарослыя дзеці часам кепска разумеюць, што такое танальны строй, каларыт. У іх работах заўважна адсутнасць цэласнасці, дысгарманічнасць. Многія карыстаюць каардынальна цёплыя альбо халодныя колеры, якія сабраць у адзінае цэлае нялёгка і прафесіяналу. А, можа, гэтымі ведамі не валодае сам настаўнік? Што ж рабіць? Вучыцца. Зараз для самаўдасканалення існуюць самыя разнастайныя магчымасці. Мы мусім разумець, што атрыманне дыплома – толькі чарговы этап, мастак вучыцца ўсё сваё жыццё. І настройвае сваіх вучняў на тое, што шлях у мастацтва не будзе каторкі і лёгкі.

Канешне, кажучы пра школу як такую, мы маем на ўвазе перш за ўсё традыцыі, што існавалі ў культурнай прасторы былога СССР. Адкінуўшы ідэялагічны складнік, мы павінны прызнаць, што гэта была добрая прафесійная школа. Веды, уменні ўзбройваюць мастака, дапамагаюць яму рэалізаваць любую ідэю, карыстацца любымі сродкамі і прыёмамі. Гэтаму мы мусім насуперак усяму негатыўнаму навучаць дзяцей, а таксама помніць пра выхаваўчую функцыю мастацтва. Мне здаецца, конкурс стымулюе гэтае памкненне.

На завяршэнне мне б хацелася шчыра падзякваць усім педагогам, якія ў нялёгкі для мастацкай адукацыі час самааддана працуюць з дзецьмі, навучаючы іх выяўленчай грамаце, уменню мысліць шырока і свабодна, бачыць прыгажосць навакольнага свету.